Пантыфік: прасіць Пана аб Духу спакою для кіраўнікоў народаў
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак на VI Велікодную нядзелю, у якім распавядаецца як Езус, развітваючыся са сваімі вучнямі падчас Апошняй вячэры, і быццам пакідаючы ім “пэўнага роду запавет”, сказаў: “Спакой пакідаю вам”, а потым дадаў: “Спакой Мой даю вам” (Ян 14,27).
“У першую чаргу спакой пакідаю вам. Езус развітваецца словамі, якія выражаюць любоў і спакой, але робіць гэта ў зусім неспакойны момант. Юда выйшаў, каб здрадзіць Яму, Пётр рыхтуецца адрачыся Яго, амаль усе іншыя – пакінуць Яго: Пан ведае гэта, але не папракае, не выкарыстоўвае суровых слоў, не кажа цяжкіх прамоў. Замест таго, каб прадэманстраваць трывогу, Ён застаецца ветлівым да канца”, - заўважыў Пантыфік.
Папа заўважыў, што апошнія гадзіны жыцця Езуса пацвярджае прыслоўе, якое кажа, што “чалавек памірае так, як пражыў жыццё”. І насамрэч, Хрыстус “адчуваў страх і боль, але не даваў месца крыўдзе і пратэсту”. “Не паддаваўся горычы, не спагнаўся, не быў нецярплівым. Прабываў у спакоі, спакоі, які паходзіў з Яго лагоднага сэрца, напоўненага даверам. Адсюль паходзіць спакой, які пакінуў Езус, бо нельга пакінуць іншым спакой, калі не маем яго ў сабе. Нельга даць спакой, калі не прабываем у спакоі”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Спакой Мой даю вам: Езус паказвае, што лагоднасць магчымая. Ён увасабляе яе менавіта ў найскладанейшы момант; і жадае, каб таксама і мы паводзілі сябе так, каб былі спадкаемцамі Яго спакою. Ён хоча, каб мы былі лагоднымі, адкрытымі, гатовымі выслухаць, здольнымі разрадзіць спрэчкі і ткаць згоду. Гэта азначае сведчанне Езуса і каштуе больш за тысячы слоў і шматлікія пропаведзі... Мы, вучні Езуса, давайце спытаемся ў сябе: ці паводзім сябе так у месцах, у якіх жывем? Ці мы таксама знаходзімся ў сварцы з кімсьці, заўсёды гатовыя адрэагаваць, выбухнуць, або ўмеем адказваць негвалтоўна, лагоднымі жэстамі і словамі? Няхай кожны спытаецца ў сябе”, - заклікаў Папа.
Пантыфік падкрэсліў, што “такая лагоднасць не з’яўляецца лёгкай справай”, і канфлікты на любым узроўні разрадзіць вельмі цяжка, але “тут нам прыходзіць на дапамогу другі выраз Езуса: спакой Мой даю вам”. “Езус ведае, што ў адзіночку мы няздольныя захаваць спакой, што нам патрэбна дапамога, дар. Спакой, які з’яўляецца нашай адказнасцю, гэта, у першую чаргу, Божы дар. Езус, насамрэч, кажа: “Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае свет”, - нагадаў Святы Айцец.
Папа патлумачыў, што дарам, якога не ведае гэты свет, і які Пан дорыць нам, з’яўляецца Святы Дух, Дух Езуса. “Менавіта прысутнасць Бога ў нас з’яўляецца “сілай спакою” Бога. Гэта Ён абяззбройвае сэрца і напаўняе спакоем. Гэта Ён, Святы Дух, рассейвае закамянеласць і гасіць спакусы атакаваць іншых. Гэта Ён, Святы Дух, нагадвае, што побач з намі знаходзяцца браты і сёстры, а не перашкоды і супернікі. Гэта Ён, Святы Дух, дае нам сілу, каб прабачаць, пачынаць спачатку, зноў выходзіць у шлях, бо нашых сіл недастаткова. І гэта дзякуючы Яму, Святому Духу, мы становімся людзьмі спакою”, - зазначыў Францішак.
Святы Айцец нагадаў, што ніводзін грэх, ніводнае падзенне, ніводная крыўда не павінны перашкодзіць нам з настойлівасцю прасіць аб дары Святога Духа. “Чым больш адчуваем трывогу ў сэрцы, чым больш заўважаем у сэрцы нервознасць, нецярплівасць, гнеў, тым больш мы павінны прасіць Пана аб Духу спакою. Давайце навучымся казаць кожны дзень: “Пане, дай мне Твой спакой, дай мне Святога Духа”... І давайце прасіць аб гэтым таксама для тых, хто жыве побач з намі, для тых, каго сустракаем кожны дзень, а таксама для кіраўнікоў народаў. Няхай Багародзіца дапаможа нам прыняць Святога Духа, каб быць міратворцамі”, - завяршыў нядзельнае разважанне Папа.