Папа: перад абліччам зла чалавек мае права на пратэст перад Богам

Навучыцца ператвараць пачуццё крыўды за страты ў непахіснае чаканне спаўнення Божых абяцанняў, - заклікаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 18 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Працягваючы цыкл катэхез, прысвечаны старасці, Францішак спаслаўся на заключную частку старазапаветнай Кнігі Ёва, “вяршыні сусветнай літаратуры”, якую заклікаў перачытаць “без забабонаў і абагульненняў”. Папа назваў Ёва, “сведкам веры, які не пагадзіўся з “карыкатурай” на Бога, але гучна пратэставаў перад абліччам зла, пакуль Бог не адказаў і не адкрыў сваё аблічча”. “Нам будзе карысна павучыцца ад яго, каб перамагчы спакусу маралізатарства перад абліччам абурэння і спустошанасці, выкліканых болем ад згубы ўсяго”, - дадаў ён.

Нябесны Айцец праславіў Ёва за тое, што ён зразумеў таямніцу ласкавасці Бога, схаваную за Яго маўчаннем, - нагадаў Папа, падкрэсліваючы таксама, што Пан “папракаў сяброў Ёва, якія лічылі, што ведаюць пра Бога і пакуты ўсё“ і “асуджалі Яго ў адпаведнасці са сваімі шаблонамі“. “Няхай Бог захавае нас ад такой крывадушнай і саманадзейнай маралізатарскай рэлігійнасці”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак заўважыў, што, нягледзячы на ўсе цярпенні, Ёў не стаў абвінавачваць Бога, а Пан адудзячыў яму: вярнуў усе даброты ў падвоеным памеры і папрасіў маліцца за яго сяброў. “Прыпавесць Кнігі Ёва драматычным і ўзорным чынам паказвае тое, што на самой справе здараецца ў жыцці: гэта значыць, што на чалавека, сям’ю ці народ, абрынаюцца вельмі цяжкія выпрабаванні, непрапарцыянальныя людской маласці і ўразлівасці”, - падкрэсліў Папа, адзначаючы, што некаторыя людзі атрымліваюць столькі няшчасцяў, што гэта здаецца па-сапраўднаму празмерным і несправядлівым”. “Мы ўсе ведаем такіх людзей” і захапляемся “непахіснасцю іх веры і любові”, - дадаў Пантыфік.

“Я маю на думцы бацькоў дзяцей з цяжкімі формамі інваліднасці, або людзей, якія жывуць з невылечнымі хваробамі ці членаў сям’і, якія апякуюцца імі. Гэтыя сітуацыі часта абцяжарваюцца недахопам эканамічных рэсурсаў”, - сказаў Францішак, адносячы да падобных цяжкасцей таксама наступствы пандэміі COVID-19 і вайну ва Украіне.

“Ці можам мы апраўдваць гэтыя “эксцэсы” як вышэйшую рацыю прыроды і гісторыі? Ці можам благаслаўляць гэта з рэлігійнага пункту гледжання, як заслужаны адказ на правіны ахвяр? – Не можам”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы, што “існуе пэўнага роду права ахвяры на пратэст перад абліччам таямніцы зла”, які вядзе да новага вызнання веры, падобнага на тое, якое з перспектывы багатага жыццёвага досведу, могуць рабіць пажылыя людзі.

Папа патлумачыў, што пажылыя бачылі вельмі шмат стратаў, і даючы сведчанне таго, як “пачуцце крыўды за страту ператвараецца ў непахіснасць у чаканні спаўнення Божага абяцання, становяцца неад’емнай падтрымкай для грамадства, якое сутыкаецца з празмерным злом”. “Позірк вернікаў, скіраваны на Укрыжаванага, вучыць менавіта гэтаму”, - дадаў Святы Айцец, заклікаючы вучыцца ад шматлікіх бабуль і дзядуль, што злучаюць сваю малітву, часам невымоўную, з малітвай Божага Сына, які на крыжы аддаў дух свой у рукі Айца.
 

18 мая 2022, 11:21

Мінулая аўдыенцыя

Увесь кантэнт >