Аўдыенцыя для галоўных рэдактараў езуіцкіх выданняў Аўдыенцыя для галоўных рэдактараў езуіцкіх выданняў 

Святы Айцец сустрэўся з галоўнымі рэдактарамі езуіцкіх выданняў

19 мая 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі галоўных рэдактараў дзесяці буйнейшых езуіцкіх выданняў, з якімі абмеркаваў вайну ва Украіне, жыццё Касцёла і сінадальны працэс.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

На сустрэчы былі прадстаўлены такія выданні, як Stimmen der Zeit (Германія), Choisir (Швейцарыя), Signum (Швецыя), Razón y fe (Іспанія), Brotéria (Партугалія), Deon (Польшча), A Szív (Венгрыя), Viera a život (Славакія), Thinking Faith (Вялікабрытанія) і La Civiltà Cattolica (Італія).

Размова працягвалася больш за гадзіну “ў звычайны братэрскім і непасрэдным стыле”, падзяліўся ў Тwitter галоўны рэдактар часопіса La Civiltà Cattolica, ксёндз Антоніа Спадара.

У сваю чаргу галоўны рэдактар польскага інтэрнэт-выдання Deon, ксёндз Павел Касінскі, распавёў інфармацыйнаму агенцтву KAI пра пажаданне, якое скіраваў Святы Айцец. “Папа звярнуў увагу на тое, што ў нашых публікацыях мы павінны пачынаць ад канкрэтыкі і паказваць усім, у першую чаргу, досвед людзей, казаць пра людзей, пра іх гісторыі, пра драмы, так як мы распавядалі пра Украіну. Мы не казалі пра геапалітыку, але пра людзей, якія пакутуюць, пра тых, хто пацярпеў ад вайны. На маю думку, гэта было самае галоўнае пасланне: памятаць пра людское, пра тое, што датычыць чалавека, пра рэчаіснасць, якую ён перажывае, а не пра тэорыі, якія хочам пераказаць”, - падзяліўся польскі езуіт.
 

20 мая 2022, 12:19