Пошук

Regina caeli: Унебаўшэсцем Езус гарантуе спасланне свайго Духа

Узыходзячы на неба, Хрыстус не пакідае сваіх паслядоўнікаў, спасылаючы Духа Святога, Які робіць іх Яго сведкамі ў свеце, - на гэта звярнуў увагу Папа 29 мая 2022 года ў разважанні перад малітвай Regina caeli.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Тлумачачы сэнс Унебаўшэсця, якое з’яўляецца кульмінацыяй зямнога жыцця Езуса, Францішак нагадаў, што “Езус не пакідае сваіх вучняў”, “наадварот, праз сваё вяртанне да Айца Ён гарантуе ім спасланне свайго Духа”. У гэтым праяўляецца любоў Збаўцы да сваіх паслядоўнікаў.

“Яго прысутнасць – гэта не тая прысутнасць, якая імкнецца абмежаваць нашу свабоду. Наадварот, яна дае нам прастору, таму што сапраўдная любоў заўсёды спараджае блізкасць, якая не прыгнятае, а робіць нас галоўнымі героямі”, - растлумачыў Папа.

Ён звярнуў увагу, што “Езус, узыходзячы на неба, замест таго, каб фізічна заставацца побач з некалькімі вучнямі, становіцца блізкім усім праз свайго Духа”. “Праз Духа Святога Езус прысутнічае ў нас, перасякаючы бар'еры часу і прасторы, каб зрабіць нас сваімі сведкамі ў свеце”, - дадаў Пантыфік.

Хрыстус благаслаўляе апосталаў, і гэта па-сапраўднаму святарскі жэст. “Евангелле хоча сказаць нам, што Езус – першасвятар нашага жыцця. Езус узыходзіць да Айца, каб заступіцца за нас, прадставіць Яму нашу чалавечнасць. Такім чынам, перад вачыма Айца, разам з чалавечнасцю Езуса, ёсць і заўсёды будзе наша жыццё, нашы надзеі, нашы раны. Таму Хрыстус, узыходзячы на неба, пракладвае нам дарогу, ідзе, каб падрыхтаваць нам месца і з гэтага часу заступаецца за нас, каб Айцец заўсёды суправаджаў нас і благаслаўляў нас”, - заўважыў Папа.

Ён заахвоціў вернікаў спытаць сябе пра сваё евангельскае сведчанне, уменне “любіць іншых, пакідаючы іх свабоднымі і ствараючы для іх прастору”, гатоўнасць “заступацца за іншых” – маліцца за іх і благаслаўляць іх жыццё.

“Трэба вучыцца гэтаму: заступніцкай малітве, заступніцтву за надзеі і пакуты свету, за мір. І давайце благаслаўляць вачыма і словамі тых, з кім сустракаемся кожны дзень!” - заклікаў Францішак.
 

29 мая 2022, 13:29

“Уладарка неба” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць у Велікодны перыяд Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >