Спачуванні Святога Айца пасля страляніны ў тэхаскай школе
Папа выказаў спачуванні пасля драматычнага інцыдэнту ў Тэхасе. 18-гадовы жыхар мястэчка Ювальдэ адкрыў страляніну ў пачатковай школе.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Францішак накіраваў адмысловую тэлеграму за подпісам свайго Дзяржсакратара, у якой запэўніў у духоўнай блізкасці да тых, хто пацярпеў у выніку нападу. “З цвёрдай верай ва ўваскрослага Хрыста, праз якога кожнае зло будзе пераможана дабром”, ён давярае загінулых дзяцей і настаўнікаў міласэрнасці Усемагутнага Бога і моліць аб вылячэнні і суцяшэнні параненых і пацярпелых.
Малітва Пантыфіка гучыць і за “спакушаных насіллем”, каб яны выбралі “шлях братэрскай салідарнасці і любові”.
26 мая 2022, 11:19