Святы Пасад апублікаваў праграму папскага падарожжа ў Афрыку
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
На другім этапе падарожжа Пантыфіка будуць суправаджаць кіраўнікі Англіканскай Царквы і Царквы Шатландыі, якія разам з ім прыкладаюць намаганні па аднаўленні міру ў Паўднёвым Судане.
Папа прыбудзе ў сталіцу Конга 2 ліпеня каля 16.00, пасля больш чым 7-гадзіннага палёту. У гэты дзень, акрамя цырымоніі прывітання, запланаваны сустрэчы з прэзідэнтам, прадстаўнікамі ўлады і дыпламатычнага корпуса, а таксама з мясцовымі езуітамі.
На наступны дзень, у нядзелю раніцай, Францішак узначаліць Імшу на тэрыторыі сталічнага аэрапорта, а ўвечары сустрэнецца з біскупамі і духавенствам у катэдры Кіншасы. У панядзелак Святы Айцец адправіцца ў Гому, дзе запланаваны два мерапрыемствы: Імша на тэрыторыі стадыёна і сустрэча з ахвярамі насілля. Ён вернецца ў Кіншасу на ноч.
У апошні дзень свайго знаходжання ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, непасрэдна перад вылетам у Паўднёвы Судан, Францішак сустрэнецца з моладдзю і катэхетамі.
У Джубе Папа асобна правядзе размовы з прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтамі, а затым з прадстаўнікамі ўладаў і грамадскасці. У Паўднёвым Судане ён увесь час будзе заставацца ў сталіцы краіны.
На другі дзень візіту Пантыфік адправіцца ў лагер для перамешчаных асоб, асобна сустрэнецца з езуітамі і духавенствам, а ўвечары прыме ўдзел у экуменічнай малітве каля маўзалея Джона Гаранга, нацыянальнага героя Паўднёвага Судана.
У апошні дзень афрыканскай пілігрымкі там жа адбудзецца ранішняя Імша, а затым цырымонія развітання ў аэрапорце. Папа вернецца ў Рым 7 ліпеня каля 18.00.