Святы Айцец заклікаў цаніць дары і таленты пажылых людзей
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік прысвяціў катэхезу біблійнаму прыкладу Юдыты, якая будучы маладой, поўнай цнот яўрэйскай удавой, абараніла Ізраэль ад яго ворагаў, а затым вярнулася ў свой родны горад, дзе пражыла цудоўную старасць аж да ста пяці гадоў, вылучаючыся асаблівай мудрасцю. Можна сказаць, што для яе наступіў пенсійны ўзрост, - заўважыў Папа.
Францішак адначасова падкрэсліў, што гераізм чалавека можа праяўляцца не толькі ў вялікіх здарэннях гісторыі, але часта яго можна ўбачыць таксама ў “трывалай любові, аказанай у складанай сям’і і на карысць супольнасці, якой пагражае небяспека”.
Гаворачы пра доўгае жыццё Юдыты, Святы Айцец заўважыў, што пасля дасягнення пенсійнага ўзросту людзі жывуць яшчэ вельмі шмат гадоў. Для некаторых – гэта перыяд адпачынку пасля цяжкай працы, але для іншы ён можа быць звязаны з трывогай і страхам. Узнікаюць пытанні пра тое, што рабіць з вольным часам, - падкрэсліў Папа, заўважаючы, што радасцю ў гэты жыццёвы перыяд можа быць клопат пра ўнукаў, хоць зараз гэта не заўсёды атрымліваецца ў сілу розных прычын.
Пантыфік заклікаў імкнуцца рабіць “суіснаванне паміж пакаленнямі больш чалавечным, больш сардэчным, больш справядлівым у новых умовах сучасных грамадстваў”. “Важнай часткай паклікання бабуль і дзядуль з’яўляецца падтрымка дзяцей у выхаванні патомства. Малыя вучацца сіле ласкавасці і павазе да ўразлівасці – гэта неад’емныя ўрокі, даваць і атрымліваць якія прасцей з пажылымі людзьмі. Бабулі і дзядулі, са свайго боку, вучацца таму, што ласкавасць і ўразлівасць – гэта не знакі заняпаду. Для моладзі яны з’яўляюцца тым, што робіць больш чалавечнай будучыню”, - сцвердзіў Францішак.
Святы Айцец паставіў у прыклад Юдыту, якая “пакінула пасля сябе добрую спадчыну мудрасці, ласкавасці, дароў для сям’і і грамадства: спадчыну дабра, а не толькі дабротаў”. Ён нагадаў пра ўвагу і чалавечнасць пажылой Юдыты, якая адарыла свабодай сваю нявольніцу. Папа падкрэсліў, што ў старасці чалавек “здольны бачыць тое, чаго яму не хапала раней”, а таксама падкрэсліў, што нават пажылых людзей Бог адорвае талентамі.
Вось чаму “жыццё нашых грамадстваў павінна ўмець радавацца талентам і харызматам шматлікіх пажылых людзей, якія ў сілу ўзросту ўжо з’яўляюцца пенсіянерамі, але ўяўляюць сабой багацце, якое трэба належна цаніць”, - сказаў Пантыфік.
Францішак заўважыў, што пажылыя людзі могуць з творчай адвагай і велікадушнай адкрытасцю зрабіць свае здольнасці “рэсурсамі для дару: вучыць, раіць, будаваць, клапаціцца, слухаць”. Ён пажадаў, каб гэта рабілася пераважна “на карысць людзей, якія знаходзяцца ў найскладанейшай сітуацыі, якія не могуць дазволіць сябе вучыцца ці асуджаны на адзіноту”.
“Юдыта не была пенсіянеркай, якая меланхалічна жыла сваёй пустатой”, але “поўнай запалу пажылой жанчынай, што напоўніла час дарамі, якімі Бог адарыў яе”, - падкрэсліў Пантыфік, заклікаючы бабуль і дзядуль браць з яе прыклад і пакідаць мудрасць у спадчыну пасля сябе.