Папа: Бог прыходзіць у пакоры і змяняе жыццё надзеяй
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Святы Айцец нагадаў, што “Божы Сын увайшоў у гісторыю, становячыся нашым спадарожнікам” і “падарожнічаць жа Ён пачаў яшчэ ва ўлонні маці”: спачатку адправіўся разам з Ёй з Назарэта ў дом Захарыі і Альжбеты, а потым – у Бэтлеем, на радзіму Юзафа, які павінен быў прыняць удзел у перапісе насельніцтва.
“Доўгачаканы Месія, Сын Найвышэйшага Бога, дазволіў перапісаць сябе, гэта значыць быць улічаным і зарэгістраваным, як усякі іншы грамадзянін. Ён падпарадкаваўся ўказу імператара, цэзара Аўгуста, які лічыў сябе гаспадаром усёй зямлі”, - падкрэсліў Пантыфік, дадаўшы, што такім чынам нам паказваецца “пакора Бога, які прыходзіць у гісторыю і не разбурае структуры свету, а хоча асвяціць іх і аднавіць знутры”.
Францішак нагадаў таксама, што Бэтлеем азначае “дом хлеба”, і менавіта там нарадзіўся Езус – “хлеб, які сышоў з нябёсаў, каб супакоіць голад свету”. Анёл Габрыэль, абвяшчаючы нараджэнне Караля-Месіі, казаў, што Ён “будзе вялікі і будзе названы Сынам Найвышэйшага, і дасць Яму Пан Бог трон Давіда, бацькі Ягонага, і валадарыць будзе над домам Якуба вечна, а валадарству Яго не будзе канца” (Лк 1, 32–33). “Аднак Езус нарадзіўся цалкам нечуваным для караля чынам” – не ў каралеўскім палацы, “а на задворку, у памяшканні, дзе трымалі жывёлу”.
“Такім чынам, Лука паказвае нам, што Бог не прыходзіць у свет з гучнымі абвяшчэннямі, не праяўляе сябе ў шуме, а пачынае свой шлях у пакоры”, - зазначыў Пантыфік, нагадаўшы, што і першымі сведкамі гэтай падзеі сталі сціплыя і пакорныя людзі – некалькі пастухоў, “людзей з нізкім узроўнем культуры, якія мелі кепскі пах ад пастаяннага кантакту з жывёламі і жылі на задворках грамадства”.
Менавіта ім Бог вырашыў абвясціць самую цудоўную вестку, якая калі-небудзь гучала ў гісторыі: “Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан. І вось вам знак: знойдзеце Немаўля спавітае і пакладзенае ў яслях” (Лк 2, 10–12).
“Гэтая навіна адкрыла іх сэрцы на здзіўленне, праслаўленне і радаснае абвяшчэнне. У адрозненне ад многіх іншых людзей, занятых безліччу розных спраў, пастухі становяцца першымі сведкамі таго, што з’яўляецца істотным – дару збаўлення. Менавіта найбольш пакорныя і найбяднейшыя здольныя прыняць падзею Уцелаўлення” (Admirabile signum, 5), – заўважыў Святы Айцец.
“Браты і сёстры, давайце і мы папросім аб ласцы, каб, падобна пастухам, быць здольнымі здзіўляцца і праслаўляць Бога, а таксама шанаваць тое, што Ён нам даверыў: нашы таленты, нашы харызмы, нашы пакліканні і людзей, якіх Ён ставіць побач з намі. Давайце будзем прасіць Пана аб здольнасці распазнаваць у слабасці незвычайную сілу Богадзіцяці, які прыходзіць, каб аднавіць свет і змяніць нашы жыцці праз сваю задуму, поўную надзеі для ўсяго чалавецтва”, – заклікаў Святы Айцец.