Папская аўдыенцыя: пра надзею і Божую міласэрнасць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
26 сакавіка 2025 года Францішак не змог правесці агульную аўдыенцыю па стане здароўя. Аднак тэкст катэхезы быў распаўсюджаны Залай Друку Святога Пасада. У ёй Папа працягвае цыкл разважанняў, прысвечаных Юбілейнаму 2025 году, засяроджваючыся на тэме "Езус Хрыстус – наша надзея".
"Бог чакае нас і дазваляе сябе знайсці менавіта тады, калі мы думаем, што для нас ужо няма надзеі", - падкрэслівае Папа, разважаючы над сустрэчай Езуса з самаранкай каля калодзежа.
Святы Айцец звяртае ўвагу на тэму жадання, якая з'яўляецца ключавой для разумення гэтай сустрэчы. Езус першым выказвае сваё жаданне: "Дай Мне піць!" (Ян 4,7). Гэтымі словамі Ён імкнецца распачаць дыялог, паказваючы сваю слабасць, каб суразмоўца адчуў сябе камфортна. "Той, хто прасіў піць, - кажа святы Аўгустын, - прагнуў веры гэтай жанчыны", - цытуе Пантыфік.
Францішак падкрэслівае, што Езус дапамагае самаранцы па-новаму паглядзець на яе складаную і балючую гісторыю. Ён адкрывае ёй сябе як Месія і пралівае святло на яе жыццё. "Менавіта з досведу адчування сябе любімым нараджаецца місія", - адзначае Святы Айцец.
Папа заклікае вернікаў не губляць надзеі, нават калі іх гісторыя здаецца цяжкай, складанай ці нават зруйнаванай. "Мы заўсёды маем магчымасць даверыць яе Богу і пачаць наш шлях нанова. Бог ёсць міласэрнасць і заўсёды чакае нас", - падкрэслівае Святы Айцец у заключэнні катэхезы.