Францішак: сустрэча з Хрыстом дае надзею на змены
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Нягледзячы на тое, што Святы Айцец не змог асабіста правесці агульную аўдыенцыю 19 сакавіка 2025 года з прычыны знаходжання ў шпіталі, Святы Пасад апублікаваў тэкст падрыхтаванай ім катэхезы. У ёй Францішак распачынае цыкл разважанняў пра сустрэчы Езуса, апісаныя ў Евангеллях, якія прыносяць надзею і асвятляюць жыццё.
У цэнтры ўвагі Пантыфіка – сустрэча Збаўцы з Нікадэмам, апісаная ў 3-й главе Евангелля Яна. Паводле слоў Папы, гэты эпізод дэманструе, як можна выйсці з цемры і знайсці мужнасць ісці за Хрыстом. "Нікадэм ідзе да Езуса ўначы: незвычайны час для сустрэчы. У мове Яна часавыя спасылкі часта маюць сімвалічнае значэнне: тут ноч, верагодна, тая, што ў сэрцы Нікадэма", - адзначаецца ў тэксце катэхезы.
Францішак падкрэслівае, што Нікадэм знаходзіцца ў цемры сумненняў, у той цемры, якую мы перажываем, калі больш не разумеем, што адбываецца ў нашым жыцці і не бачым добра шляху, па якім трэба ісці.
"Калі ты ў цемры, відавочна, шукаеш святло. І Ян на пачатку свайго Евангелля піша так: "Прыходзіла ў свет святло сапраўднае, якое асвятляе кожнага чалавека" (1, 9). Такім чынам, Нікадэм шукае Езуса, бо адчувае, што Ён можа асвятліць цемру яго сэрца", - гаворыцца ў катэхезе.
Святы Айцец звяртае ўвагу на тое, што Нікадэм не адразу разумее словы Хрыста, бо працягвае думаць сваёй логікай і сваімі катэгорыямі. Аднак у некаторыя моманты жыцця гэта здараецца з усімі намі.
"Калі мы не прымаем змены, калі замыкаемся ў сваёй закасцянеласці, у звычках ці ў нашых спосабах мыслення, мы рызыкуем памерці. Жыццё заключаецца ў здольнасці змяняцца, каб знайсці новы спосаб любові", - падкрэслівае Папа.
У тэксце нагадваецца, што Збаўца гаворыць Нікадэму пра новае нараджэнне, якое не толькі магчымае, але нават неабходнае ў некаторыя моманты нашага шляху. Паступова госць Хрыста зразумее, што калі мы дазволім Духу Святому нарадзіць у нас новае жыццё, мы народзімся зноў.
"Я выбраў пачаць з Нікадэма таксама таму, што ён чалавек, які сваім жыццём паказвае, што гэтая змена магчымая. Нікадэм зможа: у рэшце рэшт ён будзе сярод тых, хто ідзе да Пілата, каб папрасіць цела Езуса (Ян 19, 39)! Нікадэм нарэшце выйшаў на святло, нарадзіўся зноў і больш не мае патрэбы заставацца ў цемры", - адзначаецца ў катэхезе.
Францішак заўважае, што змены часам нас палохаюць. З аднаго боку, яны нас прыцягваюць, часам мы іх жадаем, але з іншага боку, мы б аддалі перавагу застацца ў сваіх выгодах. Менавіта таму Дух Святы заахвочвае нас супрацьстаяць гэтым страхам.
"Нікадэм, як і ўсе мы, зможа паглядзець на Укрыжаванага, Таго, хто перамог смерць, корань усіх нашых страхаў. Падымем і мы позірк да Таго, каго прабілі, дазволім і нам сустрэцца з Езусам. У Ім мы знаходзім надзею, каб супрацьстаяць зменам у нашым жыцці і нарадзіцца зноў", - заключае Францішак у сваёй катэхезе.