Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: падтрымаць місіі і маліцца за Касцёл ў Кітаі

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Уладарка Неба, якая 22 мая 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, Папа заклікаў браць прыклад з новай благаслаўлёнай і запэўніў у блізкасці католікаў у Кітаі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак нагадаў, што ў французскім горадзе Ліён прайшла беатыфікацыя Палін Жарыко, заснавальніцы Таварыства пашырэння веры і ініцыятывы Жывы Ружанец.

“Гэта свецкая верніца, якая жыла ў першай палове ХІХ стагоддзя, была адважнай жанчынай, уважлівай да змены эпох з паўсюдным бачаннем місіі Касцёла. Няхай яе прыклад абудзіць ва ўсіх жаданне ўдзельнічаць, з малітвай і міласэрнай любоўю, у пашырэнні Евангелля ў свеце”, - сказаў Пантыфік.

Папа заўважыў, што 24 мая будзе адзначацца літургічны ўспамін Маці Божай Успамогі Хрысціян, якую католікі ў Кітаі ўшаноўваюць як сваю апякунку ў марыйным санктуарыі Шэшань у Шанхаі, у шматлікіх мясцовых касцёлах і дамах.

“Гэта радасная нагода дае мне магчымасць зноў запэўніць у маёй духоўнай блізкасці; я з увагай і ўдзелам сачу на жыццём і, часам складанымі, падзеямі вернікаў і пастыраў і малюся за іх кожны дзень. Заклікаю вас далучыцца да малітвы, каб Касцёл у Кітаі, у свабодзе і спакоі мог жыць у сапраўднай еднасці з Паўсюдным Касцёлам і выконваць сваю місію абвяшчэння Евангелля ўсім, робячы, такім чынам, станоўчы ўклад у духоўнае і матэрыяльнае развіццё грамадства”, - сказаў Папа.
 

22 мая 2022, 13:35