Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец заснаваў фонд Domus Vaticanae

Святы Айцец аб’яднаў чатыры структуры, якія кіруюць дамамі, прызначанымі для пражывання ватыканскіх гасцей, супрацоўнікаў структур Рымскай курыі і папскіх дыпламатаў на пенсіі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

5 мая 2022 года быў абнародаваны хірограф аб стварэнні Францішкам Domus Vaticanae (Ватыканскі дом) – структуры, злучанай з Апостальскай Сталіцай, заснаванай як кананічная публічная юрыдычная асоба з сядзібай ў Ватыкане.

Domus Vaticanae аб’яднаў чатыры фонды, якія існавалі дагэтуль: Domus Sanctae Marthae (Дом святой Марты), Domus Romana Sacerdotalis (Рымскі святарскі дом), Domus Internationalis Paulus VI (Міжнародны святарскі дом імя Паўла VI) і Casa San Benedetto (Дом святога Бэнэдыкта). Кіраванне новай структурай будзе ажыццяўляць Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы.

Першыя тры фонды (Domus Sanctae Marthae, Domus Romana Sacerdotalis, Domus Internationalis Paulus VI) забяспечваюць пражыванне ў аднайменных гасцініцах святарам, якія выконваюць служэнне пры Рымскай курыі, кардыналам, біскупам, дыпламатычнаму персаналу Апостальскай Сталіцы, а таксама духавенству, якое прыбывае ў Рым на сустрэчы з Пантыфікам ці для ўдзелу ў ватыканскіх падзеях. У сваю чаргу фонд Casa San Benedetto быў заснаваны, каб забяспечваць належным жыллём ватыканскіх дыпламатаў на пенсіі.

Дом святой Марты, у якім пражывае сам папа Францішак, падчас канклаву прызначаецца выключна для пражывання кардыналаў, якія прымаюць удзел у выбарах Пантыфіка.

 

05 мая 2022, 13:36