Святы Айцец заснаваў фонд Domus Vaticanae
Аляксандр Панчанка – Vatican News
5 мая 2022 года быў абнародаваны хірограф аб стварэнні Францішкам Domus Vaticanae (Ватыканскі дом) – структуры, злучанай з Апостальскай Сталіцай, заснаванай як кананічная публічная юрыдычная асоба з сядзібай ў Ватыкане.
Domus Vaticanae аб’яднаў чатыры фонды, якія існавалі дагэтуль: Domus Sanctae Marthae (Дом святой Марты), Domus Romana Sacerdotalis (Рымскі святарскі дом), Domus Internationalis Paulus VI (Міжнародны святарскі дом імя Паўла VI) і Casa San Benedetto (Дом святога Бэнэдыкта). Кіраванне новай структурай будзе ажыццяўляць Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы.
Першыя тры фонды (Domus Sanctae Marthae, Domus Romana Sacerdotalis, Domus Internationalis Paulus VI) забяспечваюць пражыванне ў аднайменных гасцініцах святарам, якія выконваюць служэнне пры Рымскай курыі, кардыналам, біскупам, дыпламатычнаму персаналу Апостальскай Сталіцы, а таксама духавенству, якое прыбывае ў Рым на сустрэчы з Пантыфікам ці для ўдзелу ў ватыканскіх падзеях. У сваю чаргу фонд Casa San Benedetto быў заснаваны, каб забяспечваць належным жыллём ватыканскіх дыпламатаў на пенсіі.
Дом святой Марты, у якім пражывае сам папа Францішак, падчас канклаву прызначаецца выключна для пражывання кардыналаў, якія прымаюць удзел у выбарах Пантыфіка.