Святы Айцец сустрэўся з епіскапатам Італіі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Зала Друку Апостальскай Сталіцы сцісла паведаміла, што сустрэча прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI. Яна працягвалася каля дзвюх гадзін і была прымеркавана да адкрыцця 76-й генеральнай асамблеі Канферэнцыі Біскупаў Італіі, якая з 23 па 27 мая 2022 года праходзіць у гатэлі Hilton Rome Airport у Рыме на тэму: “Слухаючы аповеды Божага народа. Першае распазнанне: якія прыярытэты ўзнікаюць для сінадальнага шляху”.
Сёлетняе пасяджэнне Канферэнцыі Біскупаў Італіі мае асаблівае значэнне, бо акрамя падрыхтоўкі да XVI Звычайнай асамблеі Сінода Біскупаў на тэму “На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел і місія”, іерархі павінны будуць выбраць трох кандыдатаў на пасаду новага кіраўніка свайго епіскапату, імёны якіх будуць перададзены Святому Айцу.
80-гадовы кардынал Гуальцьера Басэці, тэрмін прабывання якога па пасадзе кіраўніка Канферэнцыі Біскупаў Італіі падыходзіць да завяршэння, узначальваў яе з 2017 года.
Італьянскі епіскапат з’яўляецца адным з самых буйных у свеце. Ён складаецца з 409 біскупаў.