Францішак: добрыя тэолагі і пастыры пахнуць людзьмі і вуліцамі
Аляксандр Амяльчэня – Vatican News
“Тэалогія – гэта служэнне жывой веры Касцёла”, - звярнуў увагу Францішак на адзін з аспектаў “навукі аб Богу”. На яго думку, “адной з самых вялікіх хвароб нашага часу з'яўляецца страта сэнсу, і сёння больш чым калі-небудзь тэалогія нясе вялікую адказнасць за стымуляванне і накіроўванне даследаванняў, асвятленне шляху”.
Пантыфік перакананы, што семінарыйныя выкладчыкі павінны заўсёды пытацца ў сябе: “як сёння можна перадаваць праўды веры, беручы пад увагу моўныя, сацыяльныя, культурныя змены, выкарыстоўваючы кампетэнтныя сродкі камунікацыі, ніколі не змяншаючы, не аслабляючы і не “віртуалізуючы” зместу, які павінен быць перададзены?”. “Калі мы гаворым ці пішам, заўсёды павінны памятаць пра сувязь паміж верай і жыццём, сачыць за тым, каб не скаціцца ў зацыкленасць на сабе”, - дадаў ён.
Францішак лічыць, што адна з місій тэалогіі – “фарміраваць знаўцаў у галіне чалавечнасці і блізкасці”. Ён звязвае гэта з будучыняй пакліканняў да святарства: яны будуць развівацца “толькі пры наяўнасці добра сфарміраваных святароў, дыяканаў, кансэкраваных асоб і свецкіх вернікаў”. Папа папрасіў выхавальнікаў семінарыі падчас ацэнкі здольнасці чалавека ступіць на святарскі шлях “разглядаць і ацэньваць яго цэласна”.
“Увесь шлях павінен актывізаваць працэсы, накіраваныя на фарміраванне сталых святароў і кансэкраваных асоб, знаўцаў чалавечнасці і блізкасці, а не чыноўнікаў ад сакральнага”, - звярнуў увагу Святы Айцец.
Папа нагадаў, што тэалогія заўсёды павінна стаяць на службе евангелізацыі. “Сапраўды, выкладанне і вывучэнне тэалогіі азначае жыццё на мяжы, дзе Евангелле адпавядае сапраўдным патрэбам людзей. І добрыя тэолагі, і добрыя пастыры пахнуць людзьмі і вуліцамі і сваёй рэфлексіяй лечаць шматлікія раны алеем і віном”, - падкрэсліў Францішак, спасылаючыся на біблейскі вобраз.
“І Касцёл, і свет маюць патрэбу не ў “настольнай” тэалогіі, а ў рэфлексіі, здольнай суправаджаць культурныя і сацыяльныя працэсы, у прыватнасці цяжкія перамены, браць на сябе адказнасць за канфлікты. Мы павінны сцерагчыся тэалогіі, якая вычэрпваецца ў акадэмічных спрэчках ці глядзіць на чалавецтва са шклянога замка”, - звярнуўся да выкладчыкаў міланскай духоўнай семінарыі Францішак.
La Scuola Cattolica – тэалагічны часопіс Міланскай архідыяцэзіяльнай духоўнай семінарыі, які выходзіць штоквартальна. Рэдкалегія прымяняе метад падвойнага сляпога рэцэнзавання, пры якім кожны артыкул аддаецца двум рэцэнзентам, якія застаюцца невядомымі аўтару, гэтак жа, як і аўтар застаецца невядомым ім. У выпадку рознагалосся рэцэнзентаў канчатковае рашэнне выносіць дырэктар.