Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак: не забываюся пра змучаны вайной народ Украіны

12 чэрвеня 2022 года, пасля малітвы Анёл Панскі, Пантыфік падзяліўся з вернікамі сваімі думкамі пра важныя для Касцёла і свету пытанні, якія яго па-сапраўднаму турбуюць.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак звярнуўся да народаў і ўлад Дэмакратычнай Рэспублікі Конга і Паўднёвага Судана. “Дарагія сябры, з вялікім шкадаваннем, з прычыны праблем з нагамі, я быў вымушаны адкласці свой візіт у вашы краіны, запланаваны на першыя дні ліпеня. Мне сапраўды вельмі шкада адкладаць важную для мяне паездку. Прашу прабачэння за гэта. Памолімся разам, каб я з дапамогай Божай і медыцынскай дапамогай як мага хутчэй прыбыў да вас”, - звярнуўся Папа.

Святы Айцец спаслаўся на Сусветны дзень барацьбы з дзіцячай працай, які адзначаецца 12 чэрвеня пад эгідай ААН. “Давайце ўсе разам прыкладаць любыя намаганні для ліквідацыі гэтай бяды, каб ні адзін хлопчык і дзяўчынка не былі пазбаўлены сваіх асноўных правоў і не былі вымушаны працаваць. Тое, што непаўналетнія эксплуатуюцца на працы, – гэта драматычная рэальнасць, якая кідае выклік усім!”, - сказаў ён.

Па даных ААН, сёння 160 мільёнаў дзяцей прыцягваюцца да працы, прычым усё часцей фіксуюцца такія выпадкі з удзелам дзяцей пяці-шасцігадовага ўзросту.

Францішак не абышоў увагай і тое, што адбываецца ва Украіне. “Думка пра пацярпелае ад вайны ўкраінскае насельніцтва заўсёды жывая ў маім сэрцы. Хоць праходзіць час, не сціхаюць наш боль і наша заклапочанасць, калі думаем пра змучаных людзей. Калі ласка, не трэба прывыкаць да гэтай трагічнай рэальнасці! Давайце заўсёды прымаць яе блізка да сэрца. Будзем маліцца і змагацца за мір”, - з такімі словамі Папа звярнуўся да сабраных на плошчы святога Пятра.
 

12 чэрвеня 2022, 13:07