Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец да місіянераў: апостал – гэта сведка

13 чэрвеня 2022 года Папа прыняў удзельнікаў генеральнага капітула кангрэгацыі Місіянераў Афрыкі – манаскай супольнасці, заснаванай у 1868 годзе, членаў якой называюць яшчэ “Белымі айцамі”.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік пачаў свой зварот, просячы прабачэння за тое, што быў вымушаны адкласці візіт у Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан. “У маім узросце не так лёгка адправіцца на місію! Але вашы малітвы і ваш прыклад падбадзёрваюць мяне і я ўпэўнены, што змагу адведаць гэтыя народы, якія нашу ў сэрцы”, - прызнаўся ён, дадаючы, што 3 ліпеня 2022 года ў Ватыкане будзе цэлебраваць святую Імшу разам з прадстаўнікамі кангалезскай супольнасці.

Францішак пракаментаваў словы генеральнага настаяцеля Місіянераў, які распавёў, што ўдзельнікі капітула перажываюць яго з удзячнасцю і надзеяй. “Глядзець у мінулае з удзячнасцю – гэта знак добрага духоўнага здароўя”, бо кажа пра здольнасць дзякаваць Пану за шлях, які Ён дазволіў прайсці і за дары, якімі адарыў. Акрамя таго, удзячнасць распальвае полымя надзеі, - сказаў Святы Айцец.

“Супольнасць у якой умеюць казаць “дзякуй” Богу і братам, у якой дапамагаюць адзін аднаму спадзявацца на Уваскрослага Пана – гэта супольнасць, якая прыцягвае да сябе і падтрымлівае тых, хто пакліканы”, - сказаў сваім гасцям Пантыфік.

Папа спаслаўся на тэму капітула – “Місія як прароцкае сведчанне”, адзначаючы, што нягледзячы на ўсе змены ў свеце і ў Афрыцы, місіянеры павінны заўсёды заставацца апосталамі. “Апостал Езуса Хрыста – гэта не той, хто займаецца празелітызмам (...), не менеджэр, не таленавіты дакладчык, не “чараўнік” інфарматыкі: апостал – гэта сведка. Гэта актуальна заўсёды і паўсюль у Касцёле, але асаблівым чынам для тых, як вы, хто часта пакліканы жыць на місіі ў кантэкстах першай евангелізацыі ці пераважна ісламскай рэлігіі”, - сказаў Святы Айцец.

Францішак заўважыў, што сведчанне галоўным чынам заключаецца ў малітве і братэрстве, што патрабуе сэрца, адкрытага на Бога і на братоў і сясцёр. Для апостала неад’емна чэрпаць жыццядайныя сокі, прабываючы ў прысутнасці Бога, на адарацыі, “застаючыся ў Ім”. “Гэта парадокс місійнай дзейнасці: можаш ісці толькі калі застанешся”, - дадаў ён.

Папа нагадаў пра прыклад святога Шарля дэ Фуко, які праз блізкасць з Богам адчуў сябе братам усіх. “Малітва і братэрства: Касцёл павінен вярнуцца да гэтага сутнаснага ядра, да гэтай зіхатлівай прастаты, вядома не ва ўніфікаванай форме, але ў разнастайнасці сваіх харызматаў, сваіх служэнняў і сваіх структур; але ўсё павінна выяўляць гэтае першапачатковае ядро, якое ўзыходзіць да Пяцідзясятніцы і першай супольнасці, апісанай у Дзеях Апосталаў”, - падкрэсліў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў місіянераў да еднасці паміж сабой і да дыялогу з навакольным светам, з мясцовымі людзьмі і культурамі. “У гэтых кантэкстах, дзе, акрамя беднасці, часта сустракаецца небяспека і ненадзейнасць, вы пакліканы жыць салодкай радасцю евангелізацыі”, - сказаў Францішак, завяршаючы прамову.
 

13 чэрвеня 2022, 13:45