Папа: маліцца за сем’і, каб жылі ў любові і святасці
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Сям’я – гэта месца, дзе мы вучымся жыць разам: жыць разам з больш маладымі і больш старымі. Знаходзячыся разам – з моладдзю, пажылымі, дарослымі, дзецьмі – і застаючыся з’яднанымі ў сваіх адметнасцях, мы евангелізуем прыкладам свайго жыцця”, - падкрэсліў Пантыфік.
Францішак зазначыў, што “ідэальных сем’яў не існуе” і заўсёды ёсць нейкія “але”. “Аднак гэта не змяняе сутнасці справы, і мы не павінны баяцца памылак: на іх трэба вучыцца, каб ісці наперад”, - заахвоціў ён.
“Не будзем забываць, што Бог з намі ў сям’і, у квартале, у нашым горадзе. Ён прабывае з намі і клапоціцца пра нас. Ён заўсёды побач, калі наш човен уздымаецца на марскіх хвалях: калі мы спрачаемся, калі пакутуем, калі радуемся, Пан побач і суправаджае, дапамагае і папраўляе нас. Любоў у сям’і – гэта асабісты шлях святасці для кожнага з нас. Менавіта таму я выбраў яе ў якасці тэмы Сусветнай сустрэчы сем’яў у гэтым месяцы”, - сказаў Папа.
“Будзем маліцца за ўсе хрысціянскія сем’і ва ўсім свеце, за кожную сям’ю, каб дзякуючы канкрэтным жэстам жылі бескарыслівасцю любові і святасцю ў штодзённым жыцці”, - агучыў сваю малітоўную інтэнцыю на чэрвень Святы Айцец.
22-26 чэрвеня 2022 года адбудзецца Х Сусветная сустрэча сем’яў. Першапачаткова яна планавалася на 2021 года, але тэрмін яе правядзення быў перанесены ў сувязі з пандэміяй каронавіруса. Сямейны форум на тэму: “Любоў у сям’і – пакліканне і шлях да святасці”, будзе адбывацца адначасова ва ўсіх дыяцэзіях свету, але яго галоўныя падзеі пройдуць у Рыме з удзелам Святога Айца.