Новы апостальскі ліст Папы: хопіць палемікі вакол літургіі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
У папскім дакуменце сабраны і пераасэнсаваны прапановы Пленарнай асамблеі Кангрэгацыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў, якая праходзіла 12-15 лютага 2019 года. Ён спасылаецца на ліст, адрасаваны біскупам з нагоды выдання motu proprio Traditionis custodes. Яго галоўная мэта – “працягваць пастаянны пошук касцёльнай камуніі” вакол адзінага выразу lex orandi рымскага абраду, адлюстраванага ў кнігах літургічнай рэформы Другога Ватыканскага Сабора.
“Фармат новага апостальскага ліста – не інструкцыя ці даведнік: гэта, хутчэй, тэкст для разважання з яркім біблейскім, патрыстычным і літургічным адбіткам, які прапануе разуменне прыгажосці праўды літургічнай цэлебрацыі. Ад яе паходзіць і ўмацоўваецца супольнасць, сфарміраваная ў братэрскай любові, якая з’яўляецца першым і найбольш дзейсным сведчаннем Евангелля”, - гаворыцца ў паведамленні Дыкастэрыі Божага культу і дысцыпліны сакрамэнтаў.
“Цэлебрацыя, якая не евангелізуе, не з'яўляецца аўтэнтычнай, як і прапаведаванне, якое не вядзе да сустрэчы з Уваскрослым падчас цэлебрацыі: і адно, і другое без сведчання любові – як медзь звонкая або гулкія цымбалы (1 Кар 13, 1)”, - напісаў Францішак у сваім дакуменце.
Некалькі разоў Святы Айцец сцвярджае, што не прэтэндуе на вычарпальны разгляд закранутых пытанняў: тым не менш, ён прапануе шмат ідэй адносна тэалагічнага сэнсу літургіі, неабходнасці сур'ёзнай і жыццёвай літургічнай фармацыі ўсяго народа Божага, фарміравання пачуцця ars celebrandi, якое тычыцца не толькі тых, хто ўзначальвае літургію.
У тэксце гучыць перасцярога ад падводных камянёў індывідуалізму і суб'ектывізму, а таксама ад абстрактнага спірытызму: мы пакліканы аднавіць фундаментальную для літургіі здольнасць да дзеяння і разумення сімвалаў.
“Давайце пакінем палеміку, каб слухаць разам, што Дух кажа Касцёлу, давайце берагчы камунію, працягваць захапляцца прыгажосцю Літургіі”, - заклікаў Францішак у апостальскім лісце Desiderio desideravi.