Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: маліцца за мір у Еўропе па прыкладзе святой Ядвігі

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 8 чэрвеня 2022 года прайшла ў Ватыкане, Святы Айцец асаблівым чынам заклікаў вернікаў маліцца за мір у Еўропе.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак спаслаўся на літургічны ўспамін святой Ядвігі, каралевы, якая спрычыніла да распаўсюджвання хрысціянства ў Вялікім княстве Літоўскім і была заснавальніцай Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве. “Падчас яе кананізацыі святы Ян Павел ІІ нагадаў, што менавіта дзякуючы ёй Польшча аб’ядналася з Літвой і Руссю. З даверам аддаючыся яе заступніцтву, маліцеся як яна, ля падножжа крыжа, аб міры ў Еўропе”, - сказаў Папа, вітаючы пілігрымаў з Польшчы.

Святая Ядвіга прыйшла на свет у 1373 годзе як малодшая з трох дачок венгерскага караля Людовіка Анжуйскага. У 1384 годзе стала каралевай Польшчы, а праз два гады выйшла замуж за літоўскага князя Ягайлу. Перад гэтым, у 1385 годзе, у Крэве, было заключана пагадненне аб уніі паміж Польскім каралеўствам і Вялікім княствам Літоўскім, згодна з якім Ягайла, у абмен на трон і руку Ядвігі, абавязаўся прыняць хрост паводле заходняга абраду разам з усёй Літвой, што стала важным імпульсам для развіцця Касцёла на тэрыторыі ВКЛ.

Каралева вылучалася глыбокай верай і аскетычным ладам жыцця. Яна ахвотна дапамагала бедным і хворым, засноўвала касцёлы і кляштары, а незадоўга да смерці прадала свае каштоўнасці, каб сабраць сродкі на аднаўленне і пашырэнне Кракаўскага ўніверсітэта. Святая Ядвіга шмат малілася за мір у Еўропе ля падножжа крыжа, які захоўваецца ў кракаўскай катэдры. Яна памерла ў 1399 годзе. У 1986 года была беатыфікавана, а ў 1997 годзе ў Кракаве прайшла яе ўрачыстая кананізацыя, якую ўзначаліў святы Ян Павел ІІ. Літургічны ўспамін святой Ядвігі адзначаецца 8 чэрвеня

 

08 чэрвеня 2022, 12:43