Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік выказаў блізкасць народам Афганістана, Мексікі і Украіны

Падчас агульнай аўдыенцыі 22 чэрвеня 2022 года Святы Айцец скіраваў свае думкі да народаў Афганістана, Мексікі і Украіны, у сувязі з трагічнымі падзеямі ў гэтых краінах.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак спаслаўся на землятрус, які адбыўся ў Афганістане, выказваючы сваю блізкасць параненым і ўсім пацярпелым, а таксама запэўніваючы ў малітве за загінулых і іх блізкіх. “Заклікаю, каб з дапамогай усіх, можна было аблегчыць пакуты дарагога афганскага народа”, - сказаў Папа.

Святы Айцец выказаў таксама свой боль і жах у сувязі з забойствам двух езуітаў, ксяндза Хаўера Кампаса Маралеса і ксяндза Хаакіна Сэсара Мора Салазара, якое адбылася 20 чэрвеня 2022 года ў мястэчку Сэракаўі ў Мексіцы. Святары спрабавалі абараніць параненага чалавека, які, ратуючыся ад забойцы, схаваўся ў касцёле. У выніку злачынца забіў ўсіх трох.

“Колькі забойстваў у Мексіцы! Я блізкі ў любові і малітве да каталіцкай супольнасці, якая пацярпела ад гэтай трагедыі. Яшчэ раз паўтараю, што насіллем не вырашаюцца праблемы, але памнажаюцца непатрэбныя пакуты”, - сцвердзіў Пантыфік.

Францішак нагадаў таксама пра цярпенні Украіны. “Дзеці, якія былі са мной у папамабіле – гэта ўкраінскія дзеці. Давайце не будзем забываць пра Украіну. Давайце не будзем забываць пра пакуты гэтага змучанага народа”, - заклікаў Святы Айцец.
 

22 чэрвеня 2022, 11:21