Пантыфік: адзінства хрысціян – гэта дар, гармонія, шлях і місія
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Францішак заўважыў, што праз некалькі дзён католікі лацінскага абраду будуць святкаваць урачыстасць Пяцідзясятніцы, у сувязі з чым падзяліўся некаторымі думкамі адносна поўнага адзінства паміж хрысціянамі, на якія наводзіць гэта свята.
У першую чаргу Пантыфік нагадаў, што адзінства – гэта дар, агонь, што паходзіць з Неба. “Вядома, мы павінны нястомна маліцца, працаваць, весці дыялог, рыхтаваць сябе для таго, каб гэта надзвычайная ласка магла быць прынята. Але, тым не менш, дасягненне еднасці не з’яўляецца ў першую чаргу зямным плёнам; не з’яўляецца ў першую чаргу вынікам нашых намаганняў, нашых высілкаў і нашых дамоўленасцяў, але плёнам дзейнасці Святога Духа, на якога трэба з даверам адкрыць сэрцы, каб прывёў нас на шляхі поўнай еднасці. Адзінства – гэта ласка, дар”, - падкрэсліў Святы Айцец.
Папа адзначыў таксама, што адзінства – гэта гармонія, а не ўніфікацыя ці плён кампрамісаў, хісткай раўнавагі, дасягнутай дыпламатычным шляхам. “Адзінства – гэта гармонія ў адметнасці харызматаў, выкліканых Духам, бо Святому Духу падабаецца ствараць як разнастайнасць, так і адзінства, як падчас Пяцідзясятніцы, дзе розныя мовы не былі зведзены ў адну, але былі засвоены ў іх мностве. Гармонія – гэта шлях Духа, бо Ён сам, як кажа святы Базыль Вялікі, ёсць гармоніяй”, - сцвердзіў Пантыфік.
Трэці ўрок Пяцідзясятніцы, на думку Святога Айца, заключаецца ў тым, што адзінства – гэта шлях, а не добра распрацаваны праект. Адзінства “дасягаецца на шляху: узрастае ў дзяленні, крок за крокам, ва ўзаемнай гатоўнасці прымаць радасці і цяжкасці падарожжа, у нечаканасцях, што з’яўляюцца падчас дарогі”. Спасылаючыся на словы святога Ірынэя, які называў Касцёл “караванам братоў”, Францішак падкрэсліў, што менавіта ў гэтым караване “расце і сталее адзінства”, якое – згодна з Божым стылем – не дасягаецца як нечаканы і аглушальны цуд, але ў цярплівым і паслядоўным супольным пілігрымаванні.
У апошняй частцы сваёй прамовы Папа заўважыў, што адзінства – не самамэта: ад яго залежыць плённасць евангелізацыі. “Падчас Пяцідзясятніцы нарадзіўся місійны Касцёл. І сёння свет дагэтуль прагне, нават несвядома, пазнаць Евангелле любові, свабоды і міру, якое мы павінны сведчыць адзін разам з другімі, а не адзін супраць аднаго ці адзін далёка ад іншых”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы пра прыклад экуменізму мучанікаў, а таксама выказваючы падзяку за зерні любові і надзеі, якія хрысціяне розных канфесіі сеюць у розных рэгіёнах свету, на жаль, пазначаных насіллем і канфліктамі, вельмі часта забытымі.
“Дарагія браты, няхай крыж Хрыста стане компасам, які будзе накіроўваць нас на шляху да поўнага адзінства, бо на гэтым дрэве крыжа Хрыстус, наш супакой, прымірыў нас, сабраў усіх у адзін народ”, - сказаў Папа.