Выява Чорнаскурага Мануэля ля фігуркі Маці Божай Луханскай Выява Чорнаскурага Мануэля ля фігуркі Маці Божай Луханскай 

Пантыфік да аргентынскіх католікаў: вера змяняе гісторыю

Папа скіраваў кароткі відэазварот з нагоды адкрыцця “Шляху Чорнаскурага Мануэля” – культурна-гістарычнага маршрута, звязанага з гісторыяй санктуарыя Маці Божай Луханскай.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Няхай Найсвяцейшая Панна ахоўвае вас, няхай Чорнаскуры Мануэль заступаецца за ўсіх вас. Ідзіце наперад з простай верай, якую атрымалі ад бацькоў – гэта вера нашага народа, вера, якая змяняе гісторыю. Няхай Панна Луханская бароніць вас, няхай Чорнаскуры Мануэль указвае вам шлях”, - пажадаў аргентынскім вернікам Святы Айцец.

Чорнаскуры нявольнік Мануэль у 25-гадовым узросце быў дастаўлены з Кабу-Вэрдэ ў Бразілію. У 1629 годзе ён атрымаў хрост, а праз некалькі месяцаў прыняў удзел у перавозе фігуркі Маці Божай у капліцу на тэрыторыі Аргентыны. Карабель даставіў іх морам у Буэнас-Айрэс, а далей статуэтку везлі па сушы на караване быкоў. На другі дзень дарогі, ля горада Лухан, жывёлы раптоўна спыніліся і не рушылі з месца да таго моманту, пакуль марыйную фігурку не знялі з павозкі. Мануэль зразумеў, што гэта боскі знак: Марыя хацела застацца ў Лухане. У гэтым горадзе з цягам часу быў збудаваны марыйны санктуарый, а чорнаскуры нявольнік застаўся ў ім, служачы і молячыся пры цудатворнай фігурцы да канца свайго жыцця. Некалькі гадоў распачаўся дыяцэзіяльны этап яго беатыфікацыі.

 

20 чэрвеня 2022, 17:00