Аўдыенцыя для моладзі Сіра-Малабарскай Царквы Аўдыенцыя для моладзі Сіра-Малабарскай Царквы 

Папа да моладзі: не баяцца прыгожай і сапраўднай любові

Кожны ахрышчаны ўдзельнічае ў будаванні Касцёла ў той меры, у якой з’яўляецца сведкам, - адзначыў Папа падчас сустрэчы з моладзевымі лідарамі з розных епархій Сіра-Малабарскай Царквы за межамі Індыі.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак прывітаў юнакоў і дзяўчат у сувязі з іх візітам у Рым, падкрэсліваючы, што “ў кожнай пілігрымцы мы ў першую чаргу шукаем Пана Езуса, які з’яўляецца дарогай, праўдай і жыццём”. “Мы хочам ісці за Ім і прайсці Яго шляхам – шляхам любові, адзіным, які вядзе да вечнага жыцця. Гэты шлях нязручны, але прывабны, а Езус ніколі не пакідае нас саміх”, - сказаў Пантыфік, падчас аўдыенцыі, якая 18 чэрвеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

“Калі створым для Яго месца ў нашым жыцці, раздзяляючы з Ім радасці і пакуты, тады адчуем спакой, які толькі Бог можа даць нам”, - запэўніў маладых вернікаў Папа, нагадваючы таксама, што жыццё чалавека напаўняецца сэнсам і становіцца плённым, калі ён кажа “так” Езусу, адкрываецца на служэнне і бярэ на сябе адказнасць.

Францішак заўважыў, што першыя хрысціянскія супольнасці ў Індыі ўзніклі дзякуючы зерню Евангелля, пасеянаму святым апосталам Тамашам, 1950-я гадавіна мучаніцтва якога адзначаецца сёлета. “Касцёл з’яўляецца “апостальскім”, бо заснаваны на сведчанні апосталаў; і няспынна расце не дзякуючы празелітызму, а сведчанню. Кожны ахрышчаны ўдзельнічае ў яго будаванні ў той меры, у якой з’яўляецца сведкам”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што ўсіх маладых людзей аб’ядноўвае прагненне любові – сапраўднай, прыгожай і вялікай і менавіта такую любоў Езус Хрыстус паказаў нам. Папа заклікаў не баяцца гэтай любові. “Заахвочваю вас адкрыць для сябе сведчанне любові святых усіх эпох, таксама нашага часу: яны лепш за ўсякую прамову паказваюць, што хрысціянства заключаецца не ў шэрагу забаронаў, якія гасяць жаданне шчасця, але ў задуме жыцця, здольнай напоўніць сэрца. Не бойцеся паўставаць супраць распаўсюджанай тэндэнцыі звядзення любові да нечага банальнага, пазбаўленага прыгажосці, адзінства, вернасці і адказнасці. Гэта тое, што адбываецца, калі выкарыстоўваем іншых у нашых эгаістычных мэтах, як рэчы: так сэрцы становяцца разбітымі і застаецца смутак”, - сказаў Пантыфік.

Францішак паставіў у прыклад Панну Марыю, якая не закрылася ў сябе дома пасля Звеставання, каб разважаць пра вялікі прывілей, які атрымала, і вялікія праблемы, якія яе чакалі – яна не дазволіла, каб пыха і страх паралізавалі яе, але паспяшыла да сваёй пажылой сваячкі Альжбеты, каб дапамагаць ёй. У сувязі з гэтым Пантыфік звярнуў увагу на важнасць сустрэчы паміж моладдзю і пажылымі людзьмі.

Папа заахвоціў юнакоў і дзяўчат па прыкладзе Панны Марыі, якая праславіла Бога гімнам Магніфікат, зрабіць са свайго жыцця сапраўдны гімн праслаўлення, дар для ўсяго чалавека, адзначаючы, што для гэтага фундаментальна важна быць укаранёнымі ў традыцыі і малітве папярэдніх пакаленняў.
 

18 чэрвеня 2022, 12:31