Аўдыенцыя для ўдзельнікаў капітула Таварыства святога Паўла Аўдыенцыя для ўдзельнікаў капітула Таварыства святога Паўла 

Пантыфік: інтэграваць Евангелле ў культуру сучаснай камунікацыі

Камунікацыя павінна спрыяць будаванню мастоў і культуры сустрэчы, нагадаў Папа ўдзельнікам генеральнага капітула Таварыства святога Паўла, якіх 18 чэрвеня 2022 года прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Пантыфік спаслаўся на тэму капітула: “Перамяняйцеся праз абнаўленне розуму” (Рым 12,2). Пакліканыя быць рамеснікамі адзінства для прароцкага абвяшчэння радасці Евангелля ў культуры камунікацыі”. Ён заўважыў, што гэтыя словы запрашаюць набыць мысленне самаго Хрыста, каб спрыяць распаўсюджванню ў сучасным свеце менталітэту і жыцця, заснаваных на Евангеллі.

Папа падкрэсліў, што гэта вялікі выклік для Касцёла і саміх паўлістаў, які былі адораны асаблівым харызматам камунікацыі. “Не дастаткова выкарыстоўваць сродкі камунікацыі для распаўсюджвання хрысціянскага паслання і вучэння Касцёла; але трэба інтэграваць само пасланне ў новую культуру, створаную сучаснай камунікацыяй”, - адзначыў ён.

На думку Святога Айца, ключавой значэнне тут маюць міжасабовыя адносіны ў “глабалізаваным і гіперзлучаным свеце”. “Не дастаткова быць “у сеціве” ці “ў кантакце”, але трэба ўбачыць, у якой ступені наша камунікацыя, узбагачаная лічбавай прасторай, на самой справе стварае масты і спрыяе будаванню культуры сустрэчы”, - адзначыў Францішак.

Папа нагадаў, што заснавальнік паўлістаў, благаслаўлёны Джакама Альберыёнэ, прагнуў, каб члены гэтай супольнасці, для выканання асаблівай місіі евангелізацыі ў свеце камунікацыі, былі кансэкраванымі асобамі, пакліканымі даваць сведчанне Евангелля праз бязмежную адданасць апостальству.

Пантыфік заклікаў браць прыклад са святога Паўла, які меў “пастырскае сэрца”, здольнае быць “усім для ўсіх”, а таксама ніколі не дзейнічаў у адзіночку, але ў супрацоўніцтве з іншымі місіянерамі.

“Таму вучыцеся ў Яго супольнай працы з іншымі, працы “у сеціве”, быццю рамеснікамі адзінства, якія выкарыстоўваюць самыя эфектыўныя і самыя сучасныя сродкі камунікацыі, каб дасягаць з Добрай навіной людзей там, дзе яны жывуць”, - заахвоціў паўлістаў Францішак.
 

18 чэрвеня 2022, 13:43