Францішак падзякаваў за службу Грэнадзёрам Сардзініі
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Вы ахоўваеце важныя тэрыторыі і аб’екты: дзяржаўныя і дыпламатычныя будынкі, аэрапорты, чыгуначныя станцыі і станцыі метро, месцы мастацтва, культу і рэлігіі”, - заўважыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што штодзённая прысутнасць вайскоўцаў на вуліцах Рыма дае насельніцтву пачуццё спакою.
“З майго боку, хачу выказаць вам шчырую падзяку за ваша непрыкметнае і важнае служэнне, якое аказваеце Апостальскай Сталіцы, сумесна і ва ўзаемадзеянні з паліцыяй дзеля захавання грамадскага парадку”, - дадаў ён, адзначаючы, што такая праца патрабуе “адкрытасці, цярплівасці, духа ахвярнасці і пачуцця абавязку”.
Францішак заклікаў сваіх гасцей быць – як на працы, так у асабістым і ў грамадскім жыцці – тымі, хто прасоўвае салідарнасць, дапамагаючы людзям заставацца добрымі грамадзянам. “У выкананні вашай місіі, няхай вас заўсёды суправаджае ўсведамленне таго, што кожны чалавек любімы Богам, з’яўляецца Яго стварэннем і як такі заслугоўвае павагі”, - дадаў Папа.
Пантыфік адзначыў, што дзейнасць італьянскіх вайскоўцаў у гарадскім кантэксце пазначана блізкасцю да людзей, супрацоўніцтвам у прадухіленні і барацьбе са злачыннасцю, аказаннем падтрымкі ў надзвычайных сітуацыях. Ён заўважыў, што брыгада “Грэнадзёры Сардзініі”, завяршае тэрмін свайго ўдзелу ў аперацыі “Бяспечныя вуліцы” і хутка саступіць месца іншаму вайсковаму падраздзяленню, адзначыўны, што кожны раз, пакідаючы ці вяртаючыся ў Ватыкан, ён дзякуе Богу за самаадданасць і прысутнасць вайскоўцаў, якая гарантуе бяспеку.
Аперацыя “Бяспечныя вуліцы” праводзіцца ў Рыме з 2008 года. Яна прадугледжвае выкарыстанне розных падрадзяленняў італьянскай арміі ў ахове асабліва важных гарадскіх аб’ектаў.