Францішак павіншаваў Лізавету ІІ з 70-годдзем праўлення
Аляксандр Панчанка – Vatican News
“Скіроўваю шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні, зноў запэўніваючы ў маіх малітвах, каб Усемагутны Бог адарыў Вас, членаў каралеўскай сям’і і ўвесь народ благаслаўленнем адзінства, росквіту і міру”, - напісаў Святы Айцец.
29 сакавіка 2022 года Францішак даслаў ліст каралеве Лізавеце ІІ, у якім выказаў сваю ўдзячнасць за яе “паслядоўнасць і пастаянства ў служэнні” на карысць “дабра краіны, развіцця народа і захавання яго выбітнай духоўнай, культурнай і палітычнай спадчыны”.
На знак асаблівай удзянасці за намаганні каралевы на карысць клопату пра навакольнае асяроддзе – “дар, які трэба ахоўваць дзеля дабра будучых пакаленняў” – Папа далучыўся да экалагічнай ініцыятывы Queen's Green Canopy, арганізатары якой заахвочваюць ўсіх жадаючы пасадзіць дрэва ў гонар “плацінавага” юбілею праўлення Лізаветы ІІ. Пантыфік перадаў ліванскі кедр. “Няхай гэта дрэва, якое ў Бібліі сімвалізуе росквіт мужнасці, справядлівасці і дабрабыту, стане закладам шчодрых Божых благаслаўленняў для Вашага каралеўства”, - зазначыў ён у сваім віншавальным лісце.
Лізавета ІІ нарадзілася 21 красавіка 1926 года, а ўзышла на трон 2 чэрвеня 1953 года. Свой першы візіт у Ватыкан яна здзейсніла яшчэ не будучы каралевай – у 1951 годзе яна сустракалася з папам Піем ХІІ. Іншыя яе візіты адбыліся ў 1961 годзе – на аўдыенцыю з Янам XXIII, і ў 1980 і 2000 гадах – з Янам Паўлам II. Падчас пілігрымкі Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію ў 2010 г., каралева сустрэлася са Святым Айцом у Каралеўскім палацы каля Эдынбурга. У 2014 годзе ў Ватыкане адбылася нефармальная сустрэча брытанскай манаршай асобы з Францішкам.
Лізавета II як каралева Вялікабрытаніі з’яўляецца вярхоўным кіраўніком Царквы Англіі і пратэктарам Шатландскай Прэсвітэрыянскай Царквы.