Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату Аўдыенцыя для дэлегацыі Канстантынопальскага Патрыярхату 

Папа: прымірэнне паміж хрысціянамі – важны ўклад у справу міра

30 чэрвеня 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі дэлегацыю Канстантынопальскага Патрыярхату, якая прыбыла ў Ватыкан з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, апекуноў Рыма.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Прымірэнне паміж падзеленымі хрысціянамі, будучы укладам у прымірэнне канфліктуючых народаў, з’яўляецца як ніколі актуальным сёння, калі свет ускалыхнуты жорсткай і бессэнсоўнай ваеннай агрэсіяй, у якой шматлікія хрысціяне ваююць паміж сабой”, - сказаў Святы Айцец, звяртаючыся да сваіх гасцей.

Францішак назваў прысутнасць канстантынопальскай дэлегацыі на літургічнай цэлебрацыі, якая 29 чэрвеня 2022 года прайшла ў ватыканскай базыліцы святога Пятра, “датыкальным знакам таго, што перыяд адмежавання і абыякавасці, падчас якога лічылася, што падзелы з’яўляюцца безвыходных фактам, быў пераадолены”.

Папа падзякаваў “дарагому брату Барталамею”, Экуменічнаму Патрыярху, а таксама Святому Сіноду, за скіраванне дэлегацыі, адзначаючы, што “сёння нашы Цэрквы працягваюць весці братэрскі і плённы дыялог, а таксама з перакананасцю і незваротнасцю здзяйсняюць шлях да аднаўлення поўнага адзінства”.

Святы Айцец закрануў пытанне вайны ва Украіне, падкрэсліваючы, што перад абліччам гэтай трагедыі трэба “не мудрстваваць, а плакаць, дапамагаць і навяртацца”. “Неабходна аплакваць ахвяр і вялікае кровапраліццё, смерць столькіх нявінных людзей, траўмы сем’яў, гарадоў, цэлага народа: колькі пакут у тых, хто згубіў сваіх самых блізкіх і вымушаны пакінуць свае родныя мясціны, дамы і сваю Айчыну”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што дапамога гэтым братам і сёстрам з’яўляецца “заклікам да любові, якую, будучы хрысціянамі, мы павінны спаўняць у адносінах да Езуса – мігранта, беднага і параненага”. У той жа час, неабходна навярнуцца, каб “зразумець, што ўзброенныя заваяванні, экспансіі і імперыялізм не маюць нічога супольнага з Валадарствам, якое абвяшчаў Езус”.

Францішак заклікаў захоўваць навізну Евангелля і не паддавацца спакусе ператварэння сапраўднага вобраза Бога, як Айца ўсіх народаў, “у Бога ўласнага меркавання і ўласнай нацыі”. “Пачнем ад Яго, каб зразумець, што ўжо не час кіраваць царкоўнымі планамі згодна з логікай улады і мірскіх выгодаў, але згодна з мужным прароцтвам евангельскага міру. З пакорай і моцнай малітвай, але таксама з адвагай і шчырасцю”, - сказаў Папа.

Святы Айцец зазначыў таксама, што пошук адзінства паміж хрысціянамі – гэта не ўнутранае царкоўнае пытанне, а “неад’емная ўмова для рэалізацыі сапраўднага ўсеагульнага братэрства, якое аб’яўляецца ў справядлівасці і салідарнасці з усімі”.

Францішак назваў знакам надзеі на шляху да аднаўлення поўнага адзінства нядаўнюю сустрэчу Каардынацыйнага камітэта Змяшанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой, якая адбылася пасля двухгадовага перапынку, выкліканага пандэміяй. Ён пажадаў, каб “тэалагічны дыялог развіваўся, прасоўваючы новы лад мыслення, які, з усведамленнем памылак мінулага, дапаможа глядзець усё больш і больш супольна на сучаснасць і будучыню, не дазваляючы трапіць у пастку забабонаў іншых эпох”.

“Давайце не будзем задавальняцца “царкоўнай дыпламатыяй”, каб з ветлівасцю заставацца пры сваіх ідэях, але ісці разам як браты: будзем маліцца адзін за аднаго, працаваць адзін з адным, аказваць узаемную падтрымку, гледзячы на Езуса і на Яго Евангелле”, - заклікаў Святы Айцец.
 

30 чэрвеня 2022, 11:59