Папа: сям’я – гэта першае месца, дзе чалавек вучыцца любіць
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Імшу на плошчы святога Пятра цэлебраваў прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, кардынал Кэвін Фарэл.
Францішак заахвоціў сем’і не выкарыстоўваць сваёй свабоды выключна для сябе, але любіць людзей, якіх Бог паставіў побач. “Сям'я – гэта месца сустрэчы, абмену, пераадолення сваіх абмежаванняў, месца вітання іншых людзей і блізкасці з імі. Гэта першае месца, дзе чалавек вучыцца любіць”, - заўважыў ён, дадаючы, што сёння, больш чым калі-небудзь, трэба берагчы інстытут сям’і.
Пантыфік падкрэсліў неабходнасць будавання сувязей паміж пакаленнямі, заахвоціў бацькоў дапамагаць сваім дзецям адкрываць і прымаць сваё пакліканне. Ён дадаў, што ў сямейным жыцці трэба браць на сябе нягоды, адсутнасць адкрытасці і непаразуменні, якія зыходзяць з чалавечага сэрца. Усё гэта, дзякуючы ласцы Хрыста, ператвараецца ў прыняцце іншага чалавека ў бязвыплатнай любові. Пантыфік таксама падкрэсліў важнасць штодзённай рэалізацыі Божай волі.
“Заахвочваю вас з рашучасцю стаць на шлях сямейнай любові, падзяляючы з усімі чальцамі сям’і радасць гэтага паклікання. Няхай любоў паміж вамі заўсёды будзе адкрытай, прыхільнай да іншых, здольнай “дакрануцца” да сустрэтых на вашым шляху людзей, самых слабых і параненых: слабых целам і душой. Бо любоў, таксама сямейная, ачышчаецца і ўмацоўваецца, калі ёй дзеляцца. (...) Касцёл з вамі, больш за тое, Касцёл у вас! Бо Касцёл нараджаецца з сям’і, Сям’і з Назарэта, і складаецца ў асноўным з сем’яў. Няхай Пан дапаможа вам заставацца ў еднасці, міры і радасці кожны дзень”, - звярнуўся ў сваёй гаміліі да сем’яў Францішак.