Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа вызначыў акцэнты экуменічнага дыялогу з праваслаўнымі

Францішак сустрэўся 23 чэрвеня 2022 года ў Ватыкане з прадстаўнікамі Змяшанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Папа спаслаўся на тэму апошніх пасяджэнняў Камісіі, прысвечаных сакрамэнтам, і выказаў надзею на тое, што іх плёнам стане афіцыйны дакумент, які засведчыць аб “існаванні шырокага кансенсусу” і паспрыяе новым крокам да поўнай камуніі.

Пантыфік шчыльна звязвае экуменізм з хростам, паколькі менавіта ў гэтым сакрамэнце “знаходзіць аснова зносін паміж хрысціянамі і імкнення да поўнага бачнага адзінства”.

“Экуменізм заўсёды мае душпастырскі характар”, - звярнуў увагу Францішак. Ён патлумачыў, што нават не знаходзячыся ў поўнай камуніі, з некаторымі Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі ўжо заключаны душпастырскія пагадненні, якія дазваляюць вернікам карыстацца сакрамэнтамі. У якасці прыкладу Папа прывёў сумесную з Сірыйскай Праваслаўнай Царквой Антыёхіі дэкларацыю, падпісаную ў 1984 годзе, якая ў пэўных абставінах дае права вернікам прымаць удзел у сакрамэнтах пакаяння, Эўхарыстыі і хворых у абедзвюх супольнасцях. Таксама ў 1994 годзе паміж Каталіцкім Касцёлам і Маланкарскай Сірыйскай Праваслаўнай Царквой было заключана пагадненне аб змешаных шлюбах.

Паводле Францішка, “экуменізм ужо існуе як мясцовая рэчаіснасць”. “Многія з вернікаў – я маю на ўвазе перш за ўсё тых, хто знаходзіцца на Блізкім Усходзе, але таксама і тых, хто эмігрыраваў на Захад – ужо адчуваюць экуменізм жыцця ў штодзённасці сваіх сем'яў, на працы, у сустрэчах. І яны часта разам перажываюць экуменізм пакут, у агульным сведчанні імя Хрыста, часам нават цаной свайго жыцця”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец чарговы раз выказаў сваё перакананне ў тым, што “тэалагічны экуменізм павінен разважаць не толькі над дагматычнымі адрозненнямі, якія ўзніклі ў мінулым, але і над сучасным досведам вернікаў”. Ён лічыць важным, каб “дыялог аб дактрыне тэалагічна адаптаваўся да дыялогу жыцця, які развіваецца ў мясцовых і штодзённых адносінах Цэркваў”.

Францішак пажадаў поспехаў экуменічнай камісіі на наступным этапе дыялогу, які будзе прысвечаны Дзеве Марыі ў навучанні і жыцці Касцёла.
 

23 чэрвеня 2022, 12:47