Святы Пасад абнародаваў праграму візіта Папы ў Канаду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Падарожжа распачнецца 24 ліпеня. Францішак вылеціць з рымскага аэрапорта Фіумічына у канадскі горад Эдмантан. Палёт будзе працягвацца каля трынаццаці гадзін. Пасля прызямлення ў мясцовым аэрапорце Святога Айца прывітае афіцыйная ўрадавая і касцёльная дэлегацыя. Публічных мерапрыемстваў з удзелам Папы ў гэты дзень не прадугледжана.
25 ліпеня Пантыфік сустрэнецца з супольнасцямі першых народаў, метысаў і інуітаў у горадзе Масквачыс, а затым з карэннымі народамі і членамі парафіяльнай супольнасці ў касцёле Найсвяцейшага Сэрца Езуса ў Эдмантане. На наступны дзень, 26 ліпеня, ён будзе цэлебраваць святую Імшу на Commonwealth Stadium у Эдмантане, а потым прыме ўдзел у пілігрымцы ў Лак-Стэ-Ан і Літургіі слова ў мясцовым санктуарыі, размешчаным на беразе аднайменнага возера.
27 ліпеня Святы Айцец адправіцца ў Квебек. Па прылёце, у другой палове дня, Папа накіруецца ў Квебекскую крэпасць, дзе адбудзецца афіцыйная цырымонія прывітання, сустрэча з Генеральным губернатарам, Прэм’ер-міністрам, грамадзянскімі ўладамі, прадстаўнікамі карэнных народаў і дыпламатычнага корпуса.
28 ліпеня раніцай Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў нацыянальным санктуарыі Сэнт-Ан-дэ-Бапрэ, а вечарам узначаліць Нешпары з канадскімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. Малітва пройдзе ў квебекскай катэдры Нотр-Дам.
Насычаная праграма чакае Святога Айца 29 ліпеня. Раніцай ён прыватна сустрэнецца з членамі мясцовай езуіцкай супольнасці, а потым з дэлегацыяй карэнных народаў Квебека, пасля чаго здзейсніць пералёт у горад Ікалуіт, дзе сустрэнецца з некаторымі вучнямі былых рэзідэнцыяльных школ, а потым з моладдзю і пажылымі людзьмі. Затым Францішак адправіцца ў аэрапорт, адкуль, пасля афіцыйнай развітальнай цырымоніі, вылеціць у Рым. Самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце Фіумічына раніцай 30 ліпеня.