Ксёндз Дыега Фарэс Ксёндз Дыега Фарэс 

Францішак прыняў удзел у пахаванні свайго сябра і сабрата

Святы Айцец прыняў удзел у пахаванні аргентынскага езуіта, ксяндза Дыега Фарэса. Святар адышоў у вечнасць 19 ліпеня 2022 года у Рыме ў 66-гадовым узросце пасля цяжкай хваробы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Пахавальная літургія адбылася 21 ліпеня 2022 года ў Генеральнай курыі Таварыства Езуса. Пантыфік канцэлебраваў святую Імшу, а потым доўга моўчкі маліўся побач з труной памерлага сабрата.

У цэлебрацыі бралі ўдзел шматлікія езуіты, у тым ліку кардынал Майкл Чэрны, прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Гамілію прамовіў ксёндз Антоніа Спадара, галоўны рэдактар часопіса La Civiltà Cattolica, адным з пастаянных аўтараў якога ксёндз Фарэс быў з 2015 года.

Францішак быў добра знаёмы з памерлым святаром яшчэ з перыяду свайго жыцця ў Аргентыне. У 1976 годзе, будучы правінцыялам Таварыства Езуса, менавіта ён прыняў Фарэса ў ордэн, а затым спадарожнічаў маладому езуіту ў духоўнай фармацыі. Сяброўскія адносіны іх злучалі і пасля абрання Хорхэ Бэрголіа на Пасад святога Пятра.
 

21 ліпеня 2022, 15:15