Папа развітаўся з семінарыяй святога Юзафа ў Эдмантане Папа развітаўся з семінарыяй святога Юзафа ў Эдмантане 

Святы Айцец распачаў другі этап падарожжа ў Канаду

Завяршыўся першы этап “пакаяннай пілігрымкі” Папы ў Канаду. 27 ліпеня 2022 года ён накіраваўся з Эдмантана ў Квебек, дзе сустрэнецца з уладамі краіны, каталіцкай супольнасцю і карэннымі народамі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Раніцай Пантыфік цэлебраваў святую Імшу ў капліцы семінарыі святога Юзафа ў Эдмантане, у якой гасціў на працягу некалькіх апошніх дзён. Літургія прайшла ў прыватнай форме. Затым Папа развітаўся з кіраўніцтвам і персаналам семінарыі і адправіўся ў мясцовы аэрапорт. 

У Квебек, другі па колькасці насельніцтва горад Канады пасля Манрэалю, Святы Айцец вылецеў на самалёце Airbus A330 італьянскай кампаніі ITA Airways. Палёт зойме каля чатырох гадзін. У паветры ён пераадолее 3116 кіламетраў. На месца прызначэння Францішак прыбудзе каля 15.00 па мясцовым часе.

З аэрапорта Папа адразу накіруецца ў Квебекскую крэпасць, дзе пройдзе афіцыйная цырымонія прывітання, сустрэча з Генерал-губернатарам, Прэм’ер-міністрам, грамадзянскімі ўладамі, прадстаўнікамі карэнных народаў і дыпламатычнага корпуса.

На наступны дзень, раніцай 28 ліпеня, Пантыфік будзе цэлебраваць святую Імшу ў нацыянальным санктуарыі Сэнт-Ан-дэ-Бапрэ, а вечарам узначаліць Нешпары з канадскімі біскупамі, святарамі, дыяканамі, кансэкраванымі асобамі, семінарыстамі і душпастырскімі супрацоўнікамі. Малітва пройдзе ў квебекскай катэдры Нотр-Дам.

Насычаная праграма чакае Святога Айца і 29 ліпеня. Раніцай ён прыватна сустрэнецца з членамі мясцовай езуіцкай супольнасці, а потым з дэлегацыяй карэнных народаў Квебека, пасля чаго здзейсніць пералёт у горад Ікалуіт на востраве Бафінава зямля, дзе сустрэнецца з некаторымі вучнямі былых рэзідэнцыяльных школ, а потым з моладдзю і пажылымі людзьмі. Ікалуіт будзе апошнім этапам падарожжа Святога Айца, а таксама самай паўночнай кропкай планеты, якую калі-небудзь наведвалі Пантыфікі.
 

27 ліпеня 2022, 18:14