Пошук

Францішак: вучань Езуса уважлівы і літасцівы да людзей у патрэбе

Вучань Хрыста павінен бачыць людзей у патрэбе і быць літасцівым да іх, - заўважыў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 10 ліпеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў евангельскі ўрывак прызначаны Касцёлам на ХV Звычайную нядзелю, у якім Езус распавядае прыпавесць пра Добрага самараніна (пар. Лк 10, 25-37). Ён заўважыў, што фонам для гэтай гісторыі стала дарога з Ерузалема ў Ерыхон, ля якой ляжаў чалавек, пабіты да крыві і абрабаваны разбойнікамі.

Папа нагадаў, што святар, які праходзіў міма, убачыў яго і не спыніўся; тое самае зрабіў левіт, “а нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся”. Пантыфік падкрэсліў, што самаранін здзяйсняў падарожжа, меў свае планы, ішоў да далёкай мэты, але не апраўдваўся гэтым і ўзрушыўся пакутамі чалавека.

“Давайце падумаем: ці Пан не вучыць нас рабіць менавіта так? – Глядзець далёка, у кірунку канчатковай мэты, але з увагай да крокаў, якія трэба зрабіць тут і цяпер, каб дасягнуць яе”, - спытаў Папа.

Святы Айцец нагадаў, што першых хрысціян называлі “прыхільнікамі Шляху” (пар. Дз 9,2), падкрэсліваючы, што вернікі вельмі падобныя да еванельскага самараніна, бо таксама з’яўляюцца падарожнымі, ведаюць, што яшчэ не дасягнулі мэты, але жадаюць кожны дзень вучыцца, наследуючы Пана Езуса, які кажа: “Я – дарога, і праўда, і жыццё” (Ян 14,6).

“Вучань Хрыста ідзе за Ім і так становіцца “прыхільнікам Шляху”. Ідзе за Панам, які не дамасед, а заўсёды быў у дарозе: сустракаў на шляху людзей, аздараўляў хворых, наведваў вёскі і гарады”, - сказаў Папа.

На думку Папы, “прыхільнік Шляху” бачыць, што яго лад мыслення і дзеяння змяняецца паступова, усё больш і больш набліжаючыся да ладу мыслення і дзеяння Настаўніка. Ідучы за Хрыстом, ён становіцца падарожным і вучыцца – як самаранін – бачыць і мець літасць.

“У першую чаргу бачыць: ён адкрывае вочы на рэчаіснасць, не закрыты эгаістычна ў кругавароце сваіх думак”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што Евангелле вучыць нас бачыць, “беспасрэдна ўспрымаць рэчаіснасць, дзень за днём пераадольваючы” прадузятасці і догматызмы. Акрамя таго, “наследаванне Езуса вучыць нас мець літасць: заўважаць іншых, асабліва тых, хто пакутуе і знаходзіцца ў найбольшай нястачы”, каб дапамагаць ім па прыкладзе Добрага самараніна.

Францішак заўважыў, што перад абліччам гэтай евангельскай прыпавесці можа ўзнікнуць пачуццё віны, спакуса абвінавачваць іншых, параўноўваючы іх са святаром і левітам, ці абвінавачваць сябе, думаючы пра ўласныя недахопы ўвагі да бліжняга. У такой сітуацыі Папа параіў вернікам “іншы від практыкавання”: не толькі прызнаваць калі былі раўнадушнымі і знайшлі сабе апраўданне, але прасіць Пана, каб навучыў “бачыць і мець літасць да людзей у пакутах і нястачы, набліжацца да іх і рабіць тое, што можам, каб дапамагчы ім”.

“Няхай Панна Марыя суправаджае нас на гэтым шляху ўзрастання. Няхай Яна, якая паказвае нам Шлях, гэта значыць Езуса, таксама дапаможа нам усё больш і больш станавіцца “прыхільнікамі Шляху”, - завяршыў сваё нядзельнае разважанне Францішак.

10 ліпеня 2022, 13:45

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >