Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа на Дзень малітвы за стварэнне: адкажам дзеяннямі на плач Зямлі

Мы дасягаем пераломнай кропкі, таму неабходна індывідуальнае і ўсеагульнае экалагічнае навяртанне і канкрэтныя высілкі на карысць клімату і захавання біяразнастайнасці, - заўважыў Францішак.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Плач Зямлі, жывых істот, бедных, карэнных народаў і нашых дзяцей, якія глядзяць у будучыню; заняпад і эксплуатацыя навакольнага асяроддзя – гэта выклікі, на якія неабходна адказаць неадкладна, - напісаў Святы Айцец ў пасланні на Сусветны дзень малітвы аб ахове стварэння, які адзначаецца ў Касцёле 1 верасня.

Час для стварэння

У гэты дзень распачнецца экуменічны Час для стварэння, які завершыцца 4 кастрычніка, ва ўспамін святога Францішка Асізскага, - нагадаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што гэта “асаблівы час для ўсіх хрысціян, каб разам маліцца і клапаціцца пра наш супольны дом”. Ініцыятыва з’яўляецца нагодай для ўмацавання ў нашым “экалагічным навяртанні”, да якога заклікаў святы Ян Павел ІІ, каб адказаць на “экалагічную катастрофу”, пра якую папярэджваў святы Павел VI яшчэ ў 1970 годзе.

Тэма сёлетняга Часу для стварэння: “Услухацца ў голас створанага свету”. На думку Папы, у гэтым голасе ёсць пэўнага роду дысананс: з аднаго боку – гэта “салодкі спеў” праслаўлення нашага любімага Творцы; а з іншага – “горкі плач” наракання на “наша дрэннае чалавечае абыходжанне”.

Пачуць плач стварэння і бедных

Францішак патлумачыў, што гаворка ідзе пра плач маці-сястры Зямлі, якая просіць “спыніць нашы злоўжыванні і разбурэнні”; плач жывых істот, якія знікаюць з-за “дэспатычнага антрапацэнтрызму”; плач бедных, якія найбольш пакутуюць ад кліматычных змен; плач “нашых братоў і сясцёр карэнных народаў”, спрадвечныя тэрыторыі якіх захопліваюцца і спусташаюцца з усіх бакоў у імя грабежніцкіх эканамічных інтарэсаў. “Нарэшце, плачуць нашы дзеці. Апынуўшыся пад пагрозай блізарукага эгаізму, падлеткі з трывогай просяць нас, дарослых, зрабіць усё магчымае, каб прадухіліць ці хаця б абмежаваць калапс нашай планеты”, - напісаў Папа.

Пакаяцца і змяніць лад жыцця

Пантыфік перакананы, што “пачуўшы гэтыя горкія крыкі, мы павінны пакаяцца і змяніць лад жыцця і шкодныя сістэмы”. “Ад самага пачатку евангельскі заклік “Кайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае” (Мц 3,2), запрашаючы да абноўленых адносін з Богам, мае на ўвазе таксама нашы адносіны з іншымі людзьмі і са створаным светам. Заняпалы стан нашага супольнага дому заслугоўвае такой жа ўвагі, як і іншыя глабальныя праблемы, такія як сур’ёзныя крызісы ў галіне аховы здароўя і ваенныя канфлікты”, - зазначыў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што экалагічнае навяртанне павінна быць не толькі індывідуальным, але таксама ўсеагульным, і павінна падштурховаць народы “працаваць у духу максімальнага супрацоўніцтва, асабліва на пасяджэннях ААН, прысвечаных праблемам навакольнага асяроддзя”.

Выканаць задачу па скарачэнні выкідаў парніковых газаў

У гэтым кантэксце Папы выказаў надзею на дзве важныя міжнародныя падзеі: Кліматычны саміт COP27, які пройдзе ў лістападзе ў Егіпце, і саміт COP15, які адбудзецца ў Канадзе ў жніўні. Першы форум будзе прысвечаны тэме скарачэння выкідаў парніковых газаў, каб абмежаваць павышэнне тэмпературы да 1,5 °С, як гэтага патрабуе Парыжскага дамова, да якой нядаўна далучыўся Святы Пасад.

Гэта “даволі складаная задача”,- заўважыў Пантыфік, выказваючы спадзяванне на “кліматычныя планы” і “рашучыя ўнёскі на нацыянальным узроўні”, якія будуць зроблены дзеля яе дасягнення. “Гаворка ідзе пра тое, каб “ператварыць” мадэлі спажывання і вытворчасці, а таксама лад жыцця, у кірунку, больш паважлівым да стварэння і цэласнага развіцця ўсіх народаў”, - напісаў ён. У аснове ўсяго, удакладніў Святы Айцец, павінны быць “саюз паміж чалавекам і навакольным асяроддзем”, якое для нас, вернікаў, з’яўляецца адлюстраваннем творчай любові Бога, і ўмацаванне ўвагі да людзей, найбольш пацярпелых ад кліматычных змен.

Захаваць біяразнастайнасць планеты

Не менш важнай будзе сустрэча ў Канадзе, прысвечаная біяразнастайнасці, і прыняцце новага шматбаковага пагаднення аб “спыненні разбурэння экасістэм і знікнення відаў”, далейшага “калапсу” сеткі жыцця, - заўважыў Папа.

Францішак заклікаў найбагацейшыя краіны зрабіць “больш амбіцыйныя крокі”, бо на іх ляжыць адказнасць за забруджванне экалогіі на працягу апошніх двух стагоддзяў: іх “экалагічны доўг” бясспрэчны. Гэта прадугледжвае дзеянні на нацыянальным узроўні, выкананне абяцанняў аб фінансавай дапамозе на карысць клімату і зацверджэнне новых форм падтрымкі, якія будуць тычацца аховы біяразнастайнасці. Паводле Папы, найбяднейшыя краіны таксама маюць значныя абавязкі, бо “нядбаласць іншых ніколі не можа апраўдаць уласнае бяздзеянне”.

Дзейнічаць рашуча

“Мы ўсе павінны дзейнічаць рашуча”, бо дасягаем “пераломнай кропкі”, - папярэдзіў Святы Айцец, заклікаючы да малітвы, “каб сустрэчы COP27 і COP15 змаглі аб’яднаць чалавечую сям’ю ў рашучым супрацьстаянні падвойнаму выкліку: клімату і скарачэння біяразнастайнасці”. Затым, нагадваючы заклік святога Паўла, Францішак сцвердзіў: “Давайце будзем плакаць разам з горкім плачам стварэння, слухаць яго і адказваць учынкамі, каб мы і будучыя пакаленні яшчэ маглі парадавацца салодкаму спеву жыцця і надзеі стварэнняў”.
 

21 ліпеня 2022, 13:00