Папа падчас сустрэчы з членамі Сінода Епіскапаў УГКЦ у 2016 годзе Папа падчас сустрэчы з членамі Сінода Епіскапаў УГКЦ у 2016 годзе 

Пантыфік да украінскіх іерархаў: яднаюся з вашым цярпеннем

Святы Айцец скіраваў прывітанне да ўдзельнікаў Сінода Епіскапаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. З-за вайны пасяджэнне было перанесена з Кіева ў польскі Пшэмысль.

Ян Глінскі - Vatican News

“Дарагія браты епіскапы, я духоўна яднаюся з вашым цярпеннем, запэўніваючы ў сваёй малітве і неабыякавасці, пра што часам з прычыны далікатнай сітуацыі не гаворыцца ў мас-медыя”, - напісаў Папа. Ліст Пантыфіка быў прачытаны падчас Боскай Літургіі ў архікатэдральным касцёле ў Пшэмыслі Апостальскім нунцыем у Польшчы арцыбіскупам Сальваторэ Пэнакіё.

Святы Айцец даручыў іерархаў апецы новамучанікаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы, ахвяр камуністычнага савецкага рэжыму, запэўніваючы ў тым, што цяпер яны з неба абараняюць свой народ, які пакутуе.

“Сінод павінен мець на мэце дабро Касцёла і асобных вернікаў. Ён таксама павінен быць месцам сустрэчы і ўзаемнай дапамогі на супольным жыццёвым шляху ў пошуку новых спосабаў спадарожнічання вернікам”, - падкрэсліў Францішак.

У пасланні Святы Айцец нагадаў, што “блізкасць пастыраў з вернікамі з’яўляецца каналам, які будуецца дзень за днём і які нясе жывую ваду надзеі”. Як сцвердзіў Пантыфік, людзі разумеюць душпастыраў, калі тыя “робяць усё, што ў іх моцы, каб даць ім Бога”, калі яны побач з людзьмі, будучы сведкамі Бога на зямлі; аднак не разумеюць, калі святары толькі “кажуць пра Бога”.

“Няхай Касцёл будзе месцам, дзе можна чэрпаць надзею, дзе адчынены дзверы, дзе можна атрымаць суцяшэнне і падтрымку”, - адзначыў Пантыфік у сваім пасланні, запэўніваючы ў сваёй малітве аб лепшай будучыні для Касцёла і ўкраінскага народа.

Апошнія два гады Сіноды Епіскапаў Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы праходзілі ў анлайн-фармаце з прычыны пандэміі каронавірусу. У гэтым жа годзе пасяджэнне па прычыне вайны было перанесена з Кіева ў Пшэмысль. У ім бяруць удзел 40 іерархаў з Украіны, Цэнтральнай і Заходняй Еўропы, Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі і іншыя госці. Завершыцца сход 15 ліпеня 2022 года.

 

08 ліпеня 2022, 08:56