Святы Айцец: спакой у свеце пачынаецца з сэрца кожнага з нас
Аляксандр Панчанка – Vatican News
Пантыфік узначаліў цэлебрацыю ўрачыстай Эўхарыстыі ў заірскім абрадзе раніцай 3 ліпеня 2022 года ў ватыканскай базыліцы святой Пятра, каб выказаць блізкасць да насельніцтва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, візіт у якую быў вымушаны адкласці па просьбе лекараў.
У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічны евангельскі ўрывак пра тое, як Езус паслаў на місію першых вучняў (Лк 10, 1-9). Ён прапанаваў паразважаць пра “тры місійныя нечаканасці”, якія вынікаюць са слоў Хрыста.
Першая датычыць “экіпіроўкі” місіянераў: Пан сказаў, што яны не павінны браць з сабой “ні каліты, ні торбы, ні сандаляў”. “Часта мы думаем, што нашы касцёльныя ініцыятывы не функцыянуюць, бо не маем структур, грошай і сродкаў: не праўда. Гэта зняпраўджвае сам Езус. Браты, сёстры, давайце не будзем пакладаць надзею на багацці і не будзем баяцца нашай беднасці, матэрыяльнай і чалавечай. Чым больш свабоднымі і простымі, малымі і пакорнымі мы будзем, тым больш Святы Дух будзе кіраваць місіяй і рабіць нас галоўнымі дзеючымі асобамі сваіх цудаў”, - запэўніў Папа.
Паводле Францішка, для Хрыста самая галоўная “экіпіроўка” – гэта іншы чалавек: брат. Пан пасылаў вучняў па двое, бо “не можа быць місіі без адзінства” і “не можа быць дзейснага прапаведвання без клопату пра іншых”. “Таму мы можам спытаць сябе: я, хрысціянін, больш думаю пра тое, чаго мне не хапае для добрага жыцця, ці пра тое, каб станавіцца блізкім да братоў, клапаціцца пра іх?”, - сказаў Святы Айцец.
Другая “місійная нечаканасць”, на думку Папы, датычыць паслання, якое павінны несці вучні. Езус у першую чаргу заклікаў: “У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”. Адсюль вынікае, што хрысціяне павінны быць пасламі спакою, носьбітамі спакою, які павінен стаць іх адметнай рысай. “Па спакоі людзі пазнаюць кім мы ёсць”, - сказаў Пантыфік.
“Калі ж мы распаўсюджваем плёткі і падазрэнні, ствараем падзелы, перашкаджаем еднасці, ставім нашу прыналежнасць на першае месца, тады не дзейнічаем у імя Езуса. Хто распальвае злобу, нянавісць, пераступае праз іншых, той не працуе дзеля Езуса, той не нясе Яго спакой”, - сцвердзіў Пантыфік, нагадваючы, што спакой пачынаецца з кожнага з нас, з сэрца кожнага.
“Калі жывеш у спакоі, Езус прыходзіць і твая сям’я, тваё грамадства змяняюцца. Яны змяняюцца калі ў тваім сэрцы няма вайны, калі яно не ўзброенае абурэннем і гневам, не падвоенае крывадушнасцю і фальшу. Усталяваць спакой і парадак у сваім сэрцы, перамагчы сквапнасць, пагасіць нянавісць і крыўду, падман і хітрасць: вось адкуль пачынаецца спакой”, - падкрэсліў Францішак.
Папа заўважыў, што Езус таксама заклікаў абвяшчаць набліжэнне Божага Валадарства. “Надзея і навяртанне паходзяць адсюль: ад веры ў тое, што Бог – блізка і чувае над намі: Ён – Айцец усіх, які хоча, каб мы ўсе былі братамі і сёстрамі. Калі будзем мець такі позірк, свет больш не будзе полем бітвы, але садам міру; гісторыя больш не будзе гонкай, у якой трэба прыбегчы першымі, але супольнай пілігрымкай. Усё гэта – будзем добра памятаць – не патрабуе вялікіх прамоў, але мала слоў і шмат сведчання. Таму мы можам спытаць сябе: той, хто сустракае мяне, бачыць ува мне сведку спакою і блізкасці Бога, ці неспакойнага, раззлаванага, нецярплівага, ваяўнічага чалавека? Я дапамагаю ўбачыць Езуса ці хаваю Яго?”, - спытаў Францішак.
Трэцяя “місійная нечаканасць датычыць нашага стылю”, - сказаў Папа, нагадваючы, што Езус прасіў сваіх ісці ў свет “як ягняты сярод ваўкоў”. “Той, хто жыве як ягня, не нападае, не пражэрлівы: прабывае ў статку, разам з іншымі, і знаходзіць бяспеку ў сваім Пастыры, не ў сілы ці нахабнасці, прагнасці грошай і дабротаў, якая шмат зла выклікае таксама ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга. Вучань Езуса адмаўляецца ад насілля, не робіць зла нікому і любіць усіх. І калі гэта яму будзе здавацца паразай, тады ён глядзіць на свайго Пастыра, Езуса, Баранка Божага, які менавіта так перамог свет, на крыжы. А я – спытаемся сябе яшчэ раз – жыву як ягня, як Езус, ці як воўк, як вучыць дух гэтага свету, той дух, што вядзе да вайны?”, - спытаў Папа.
“Няхай Пан дапаможа нам быць місіянерамі сёння, ідучы ў кампаніі з братам і сястрой; маючы спакой на вуснах і блізкасць Бога; несучы ў сэрцы лагоднасць і дабрыню Езуса, Баранка Божага, які бярэ на сябе грахі свету”, - пажадаў кангалезскіх католікам Святы Айцец.