Абраз Маці Божай Альтаграсіі Абраз Маці Божай Альтаграсіі 

Пантыфік: у Панне Марыі Бог дае знак Сваёй блізкасці і ласкавасці

Пантыфік скіраваў пасланне да народа Дамініканскай Рэспублікі з нагоды Юбілейнага года, які праходзіць у сотую гадавіну каранацыі абраза Маці Божай Альтаграсіі, нябеснай апякункі гэтай краіны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Марыйная пабожнасць народа Дамініканы з’яўляецца “знакам хрысціянскіх каранёў гэтай зямлі”, - напісаў Святы Айцец у прывітальным звароце, абнародаваным 16 ліпеня 2022 года. “Вось чаму я закліваю вас не вагацца ў сведчанні веры, а таксама, па прыкладзе і заступніцтве Багародзіцы, захоўваць і ўмацоўваць любоў да Езуса і Яго Касцёла”, - дадаў ён.

Францішак зазначыў, што скіраваў у Дамініканскую Рэспубліку свайго спецыяльнага пасланніка, арцыбіскупа Эдгара Пэна Пару, Субстытута Дзяржаўнага сакратарыяту, якога папрасіў “пакласці да ног нашай Маці Альтаграсіі сыноўскі дар у выглядзе залатой ружы”.

“У Панне Бог дае нам знак Сваёй блізкасці і бясконцай ласкавасці, з якой клапоціцца пра нас. Поўны любові позірк Маці, якая сузірае спячае і поўнае даверу Дзіця, што прытулілася да Яе ўлоння – гэта заклік да таго, каб навучыцца бачыць, праз Яе вочы, Езуса, прысутнага ў нашым бліжнім, і памятаць, што з’яўляемся часткай адзінай сям’і, пакліканай на братэрскага і салідарнага суіснавання”, - падкрэсліў Пантыфік.

Папа нагадаў, што Маці Божая Альтаграсіі была для дамініканскага народа “крыніцай адзінства ў складаныя моманты, надзейнай рукой, якая падтрымлівала ў цяжкасцях, што ўзнікалі на штодзённым шляху”. “Яна заклікае нас захоўваць і трымаць запаленым полымя надзеі, якое перадалі нам нашы папярэднікі ў веры, і з пакорай перадаваць яго іншым, давяраючы ласцы Пана”, - дадаў Святы Айцец.

“Дарагія браты і сёстры дамініканцы, не бойцеся ісці ўсе разам у кірунку, які Езус указвае ў Евангеллі, нягледзячы на падзелы і расчараванні, будучы з’яднанымі ў братэрстве. Не пераставайце з прастатой шукаць волю Бога, бо Ён – Айцец ласкавасці, які абдымае ўсіх і не пакідае нас ніколі”, - падкрэсліў Пантыфік, нагадваючы, што Божае святло “перамяняе сэрцы і прыводзіць іх на сустрэчу з Ім і братамі”, а “сіла Святога Духа падштурхоўвае з радасцю і пастаянствам рабіць справы любові і дабра для тых, хто найбольш гэтага патрабуе”.

 

16 ліпеня 2022, 12:00