Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Папа да яўрэяў: мы пакліканы прыпадобніцца да нашага Айца

Папа скіраваў прывітальны ліст да дэлегацыі Міжнароднага каталіцка-яўрэйскага камітэта, нагадваючы пра значэнне супрацоўніцтва хрысціянаў і яўрэяў у супрацьстаянні негатыўным тэндэнцыям у грамадствах Захаду.

Ян Глінскі - Vatican News

Тэкст звароту Святы Айцец перадаў прэфекту Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству кардыналу Курту Коху, які адказвае і за дыялог з іўдаізмам.

Пантыфік падкрэсліў значэнне ўзаемных яўрэйска-хрысціянскіх сустрэч і супрацоўніцтва, каб разам “супрацьстаяць пэўным негатыўным тэндэнцыям у нашых заходніх грамадствах: ідалапаклонству самім сабе і грошам, крайняму індывідуалізму, а таксама культуры абыякавасці і марнатраўства”.

“Мы пакліканы да супольнага сведчання пра Бога міласэрнасці і справядлівасці, які любіць і клапоціцца пра ўсіх людзей. Мы можам гэта рабіць, чэрпаючы з духоўнай спадчыны, якую часткова падзяляем, спадчыны, за ахову і ўсё больш глыбокае разуменне якой мы адказныя”, - сцвердзіў Святы Айцец.

Пантыфік нагадаў пра неабходнасць пошуку сфераў паразумення. “Несумненна, нянавісць і насілле несумяшчальныя з нашай верай у Бога – “міласэрнага і літасцівага, цярплівага, багатага на ласку і вернасць” (Зых 34,6). Мы, яўрэі і хрысціяне, пакліканы да дзеяння такім чынам, каб найлепш прыпадобніцца да нашага Стварыцеля і Айца. Як ведаем, гэта вельмі цяжка, з’яўляючыся аб’ектамі несправядлівасці і пераследу, што часта мела месца ў гісторыі і, што трагічна, гэта адбываецца і сёння. У сувязі з гэтым я карыстаюся нагодай, каб падкрэсліць удзел Каталіцкага Касцёла ў супрацьстаянні ўсялякай форме антысемітызму, перш за ўсё праз прэвентыўныя дзеянні: на ўзроўні адукацыі, у сем’ях, парафіяльных супольнасцях і школах, а таксама свецкіх таварыстваў”, – напісаў Папа.

Міжрэлігійны дыялог Пантыфік назваў “прывілеяваным шляхам да ўзрастання ў братэрстве і міры ў нашым свеце”. “Умацоўваючы дыялог, мы можам супрацьстаяць экстрэмізму, які, на жаль, з’яўляецца паталогіяй, што ўзнікае таксама ў рэлігіях”, – дадаў Папа.
 

01 ліпеня 2022, 09:16