Папа: барацьба са злоўжываннямі – незваротны працэс
Аляксандр Панчанка- Vatican News
Папа назваў барацьбу з сексуальнымі злоўжываннямі незваротным працэсам. На яго думку, у некаторых мясцовых Касцёлах яшчэ існуе пэўны супраціў, але “разам з кожным чарговым крокам узрастае свядомасць, што трэба ісці менавіта гэтым шляхам”.
Францішак адзначыў, што палітыку “нулявой талерантнасці” да выкарыстання непаўналетніх Касцёл увёў яшчэ ў 2002 годзе, пасля скандалу ў Бостане. Ён заўважыў, што Ян Павел ІІ тады адразу выклікаў у Рым амерыканскіх кардыналаў і нагадаў ім, што ў святарстве і манаскім жыцці няма месца для людзей, якія могуць пакрыўдзіць моладзь.
Пантыфік зазначыў, што са статыстычнага пункту гледжання зусім малы працэнт святароў вінаваты ў злоўжываннях адносна непаўналетніх, але нават адзін выключны выпадак з’яўляецца вялікім сорамам для Касцёла. Таму, паводле Святога Айца, неабходна змагацца з кожным паасобным выпадкам.
Францішак выказаў задавальненне тым, што робіць Папская камісія па абароне непаўналетніх, падкрэсліваючы, што гэта ватыканская структура мае яго поўную падтрымку.