Францішак мае надзею на аднаўленне пагаднення з Кітаем
Аляксандр Панчанка – Vatican News
У інтэрв’ю, якое Святы Айцец даў агенцтву Reuters, закраналася пытанне аб часовым пагадненні з КНР, якое дазволіла выправіць сітуацыю Каталіцкага Касцёла ў Кітаі, вярнуўшы ў поўнае адзінства з Рымам мясцовых біскупаў, прызначаных без папскага мандата. Дамова, тэкст якой на дадзены момант застаецца канфідэцыяльным, была заключана ў 2018 годзе. Яна прадугледжвае дыялог з уладамі адносна прызначэння біскупаў, але пакідае апошняе слова за Пантыфікам.
Францішак выказаўся ў абарону гэтага дакумента, высока адзначыўшы ролю кардынала Дзяржсакратара П’етра Параліна ў паступовым вырашэнні сітуацыі Касцёла ў Кітаі. Папа падкрэсліў, што менавіта ён прасоўвае гэту дамову, назваўшы свайго бліжэйшага супрацоўніка “лепшым дыпламатам Апостальскай Сталіцы, чалавекам высокага дыпламатычнага ўзроўню”. Святы Айцец заўважыў, што менавіта Дзяржсакратар вядзе перамовы з кітайскімі ўладамі, а таксама адзначыў, што Камісія, якую ён узначальвае, зрабіла ўсё магчымае для пошуку выйсця з сітуацыі і знайшла яго.
Папа падтрымаў палітыку малых крокаў – таго “мучаніцтва цярпення”, пра якое казаў кардынал Агасціна Казаролі, ініцыятар ватыканскай Ostpolitik у адносінах да краін Усходняй Еўропы ў другой палове ХХ стагоддзя. “Многія шмат казалі супраць Яна ХХІІІ, супраць Паўла VI, супраць Казаролі, але дыпламатыя – такая. Перад абліччам закрытай сітуацыі трэба шукаць магчымы шлях, не ідэальны. Дыпламатыя – гэта мастацтва магчымага і ператварэння магчымага ў рэальнасць”, - падкрэсліў Францішак.
Святы Айцец адзначыў, што працэс прызначэння біскупаў у Кітаі ідзе павольна, але вынікі ёсць: некаторыя біскупы ўжо прызначаны. Пантыфік заўважыў, што сітуацыя ў розных рэгіёнах Кітая адрозніваецца і залежыць ад мясцовых кіраўнікоў. Тым не менш, Пантыфік назваў пагадненне добрым і выказаў спадзяванне на тое, што яно можа быць адноўлена ў кастрычніку.