Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: ператварыць афрыканскую мару ў рэальнасць

Францішак скіраваў відэапасланне з нагоды адкрыцця ІІ Панафрыканскага каталіцкага кангрэса аб тэалогіі, грамадстве і душпастырскімі жыцці, які з 19 па 22 ліпеня 2022 года праходзіць у Найробі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Гэта знак надзеі, што тэолагі, свецкія вернікі, святары, законнікі, законніцы і біскупы працуюць разам, - падкрэсліў Папа, звяртаючыся да ўдзельнікаў канферэнцыі, якія сабраліся ва Усходнеафрыканскім каталіцкім універсітэце ў сталіцы Кеніі.

“Сабрацца разам, каб распазнаць, што Бог кажа нам сёння”, каб адказаць на патрэбы, а таксама зрабіць рэальнасцю сацыяльныя, культурныя, экалагічныя і касцёльныя мары – гэта прыкмета Касцёла, які выходзіць насустрач людзям, - зазначыў Святы Айцец.

Папа прызнаўся, што падчас візітаў у Афрыку яго заўсёды ўражвала вера і стойкасць народаў кантыненту, менавіта таму, наведваючы Цэнтральна-афрыканскую рэспубліку ў 2015 годзе, ён сказаў: “Афрыка здзіўляе заўсёды”. Францішак заклікаў удзельнікаў канферэнцыі праявіць свае найлепшыя якасці падчас гэтай рэфлексіі, каб “нарадзілася тое афрыканскае стварэнне, якое здзівіць усіх нас”, а таксама дадаў: “Афрыка – гэта паэзія”.

“Мудрасць афрыканскіх продкаў нагадвае нам у сувязі з гэтай важнай сустрэчай, што “горы не сустрэнуцца ніколі, але людзі – так”. Ідзіце наперад. Суправаджаючы, дапамагаючы і ўзрастаючы разам”, - заахвоціў Пантыфік.

“Няхай гэта мудрая тэалогія, якую прапануеце вы, стане добрай навіной міласэрнасці для бедных і ўмацуе людзей і супольнасці ў іх барацьбе за жыццё, мір і надзею”, - пажадаў Францішак, дадаючы: “Няхай Святы Дух натхняе вас, каб з гэтага кангрэсу выйшлі шляхі, у якіх мае патрэбу Касцёл: шляхі місійнага і экалагічнага навяртання, шляхі міру, прымірэння і ператварэння ўсяго свету”.
 

19 ліпеня 2022, 08:57