Пантыфік падзяліўся думкамі пра ролю жанчын у Рымскай курыі
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Адказваючы на пытанне пра “жаночую прысутнасць” у Рымскай курыі, на якую звяртае ўвагу таксама новая Апостальская канстытуцыя Praedicate Evangelium, і пра тое, якія дыкастэрыі ў будучыні могуць узначаліць свецкія вернікі ці верніцы, Пантыфік сказаў, што “адкрыты на такія магчымасці”.
“На сённяшні дзень у Губернатараце ёсць віцэ-губернатарка...”, - нагадаў Папа, дадаючы, што таксама ў Дыкастэрыю па справах біскупаў, “у камісію, якая выбірае біскупаў, упершыню будуць уключаны дзве жанчыны”. Францішак падзяліўся, што ў будучыні бачыць магчымым прызначэнне свецкіх вернікаў кіраўнікамі Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, Дыкастэрыі па справах культуры і адукацыі ці Ватыканскай апостальскай бібліятэкі.
Папа нагадаў, што ў 2021 годзе ўпершыню прызначыў жанчыну – сястру Рафаэлу Пэтрыні – на другую па важнасці пасадзу ў Губернатараце Дзяржавы Ватыкан. Акрамя таго, на высокіх пасадах у Ватыкане працуюць сястра Алесандра Смерылі, сакратар Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека; сястра Наталі Бэкар, падсакратар Сінода Біскупаў; Франчэска Дзі Джавані, падсакратар Аддзела па сувязях з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі Дзяржаўнага сакратарыята; сястра Кармэн Рос Нортэн, падсакратар Дыкастэрыі па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця; Лінда Гізоні і Габрыэла Гамбіна, падсакратары ў Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям'і і жыцця; Эмільсэ Куда, сакратар Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі; Барбара Ята, дырэктар Ватыканскіх музеяў; Крысцін Мурэй, намесніца кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы
У мінулым месяцы кардынал Кевін Джозэф Фарэл, прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, жартаваў, што пасля абвяшчэння новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі, ён можа стаць апошнім прадстаўнікоў духавенства на пасадзе кіраўніка гэтага ватыканскага ведамства.