Пошук

Францішак: летні перыяд каштоўны, каб павольна чытаць Евангелле

Скарыстацца часам адпачынку, каб слухаць слова Езуса, - заклікаў Пантыфік падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 17 ліпеня 2022 года прайшла ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Францішак пракаментаваў літургічнае евангельскае чытанне на XVI Звычайную нядзелю, якое распавядае як дзве сястры, Марта і Марыя, прымалі Езуса ў сябе дома (пар. Лк 10,38-42). Марта адразу пачала клапаціцца пра гасцей, а Марыя села каля ног Езуса, каб слухаць Яго, што выклікала незадаволенасць яе сястры.

“Нараканне Марты не здаецца недарэчным, мы нават адчуваем, што яна мела рацыю. Аднак Езус адказаў ёй, “Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае, а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе”. Гэты адказ здзіўляе. Але Езус вельмі часта пераварочвае наш лад мыслення. Давайце запытаемся, чаму Пан, цэнячы шчодры клопат Марты, сцвярджае, што перавагу павінна мець пазіцыя Марыі”, - прапанаваў паразважаць Папа.

Святы Айцец зазначыў, што Марта, магчыма, прытрымлівалася “філасофіі”, згодна з якой спачатку павінны ісці абавязкі, а потым – прыемнасці, бо, насамрэч, быць гасцінным значыць не толькі казаць прыгожыя словы, а рабіць усё неабходнае, каб госць адчуваў сябе жаданым.

“Езус вельмі добра ведаў гэта. І на самой справе быў удзячны за высілкі Марты. Аднак, Ён хацеў дапамагчы зразумець, што ёсць новая іерархія прыярытэтаў, адрозная ад той, якой яна прытрымлівалася дагэтуль. Марыя адчула, што ёсць “добрая частка”, якой трэба даць першае месца. Усё астатняе прыходзіць потым, як струмень вады, які выцякае з крыніцы. А што гэта за “добрая частка”? – Гэта слуханне слоў Езуса. Евангелле кажа: “Марыя села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы”. Заўважым: не слухала стоячы, займаючыся нечым іншым, але села каля ног Езуса, яна зразумела, што Ён не такі госць, як іншыя. На першы погляд здаецца, што Ён прыйшоў, каб браць, бо меў патрэбу ў ежы і прытулку. Але на самой справе, Настаўнік прыйшоў, каб падарыць самаго Сябе, праз Сваё слова”, - патлумачыў Пантыфік.

“Слова Езуса не абстрактнае, гэта вучэнне, якое кранае і фарміруе жыццё, ператварае яго, вызваляе ад непразрыстасці зла, насычае і напаўняе радасцю, якая не прамінае: слова Езуса – гэта добрая частка, якую выбрала Марыя. Марыя паставіла яго на першае месца: спынілася і слухала. Астатняе ідзе потым. Гэта не прымяншае каштоўнасць практычнай дзейнасці, але яна не павінна ісці першай, а вынікаць са слухання слова Езуса, павінна быць натхнёнай Яго Духам. У адваротным выпадку ўсё звядзецца да мітуслівасці і турбавання пра многія рэчы, звядзецца да бясплённага актывізму”, - папярэдзіў Святы Айцец.

“Браты і сёстры, скарыстаемся гэтым часам канікул, каб спыніцца і паслухаць Езуса. Сёння ўсё цяжэй знайсці вольныя хвіліны для разважання. Многія людзі маюць шалёны, знясільваючы тэмп працы. Летні перыяд можа быць каштоўным для таго, каб адкрыць Евангелле і чытаць яго павольна, не спяшаючыся. Адзін невялікі ўрывак кожны дзень – гэта дасць магчымасць увайсці ў дынаміку Езуса. Давайце дазволім, каб гэтыя старонкі спыталі нас пра тое, як ідзе наша жыццё, ці адпавядае яно таму, што кажа Езус. У прыватнасці, давайце спытаемся ў сябе: калі пачынаю дзень, ці кідаюся з галавой у тое, што трэба зрабіць, або спачатку шукаю натхнення ў Божым слове? (...) Калі раніцай выйдзем з дому, захоўваючы ў думках слова Езуса, дзень набудзе тон, пазначаны гэтым словам, якое мае моц скіроўваць нашу дзейнасць у адпаведнасці з тым, чаго хоча Пан”, - запэўніў Папа, выказваючы пажаданне, каб “Панна Марыя навучыла нас выбіраць добрую частку, якая ніколі не адымецца ў нас”.
 

17 ліпеня 2022, 12:21

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >