Спачуванні Папы ў сувязі са смерцю былога Прэзідэнта Анголы
Святы Айцец выказаў свае спачуванні ў сувязі са смерцю былога Прэзідэнта Анголы Хасэ Эдуарду Душ Сантуша. Палітык адышоў у вечнасць 8 ліпеня 2022 года ва ўзросце 79 гадоў.
Аляксандр Панчанка - Vatican News
У тэлеграме, якую кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін скіраваў на імя Прэзідэнта Анголы Жуана Ларэнсу, адзначаецца, што Папа выказвае сваю шчырую блізкасць сям’і памерлага палітыка, а таксама ўладам і народу Анголы.
Святы Айцец памятае Хасэ Эдуарду Душ Сантуша, як дзяржаўнага дзеяча, “які цяжка працаваў для будавання краіны”, а таксама моліцца аб вечным супакоі для яго душы і дарах суцяшэння для тых, хто аплаквае яго смерць, просячы Бога аб “нястомнай адвазе для ўсіх, хто працуе на карысць адзінства і развіцця краіны”.
Хасэ Эдуарду Душ Сантуш быў другім Прэзідэнтам Анголы. Ён займаў пасаду кіраўніка дзяржавы на працягу 38 гадоў, з 1979 па 2017 год.
10 ліпеня 2022, 13:42