Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота Папа Францішак. Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец здзейсніць візіт у зону вечнай мерзлаты

У апошні дзень сваёй “пакаяннай пілігрымкі” Папа адправіцца на востраў Бафінава зямля, які размяшчаецца на беразе Паўночнага Ледавітага акіяну, у зоне вечнай мерзлаты, каб сустрэцца з карэннымі жыхарамі гэтага месца.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

29 ліпеня 2022 года Францішак завершыць “квебекскую” частку падарожжа ў Канаду. Пасля святой Імшы ў капліцы архідыяцэзіяльнай курыі ў Квебеку, якая пройдзе ў прыватнай форме, і сустрэчы з канадскімі езуітамі, ён прыме дэлегацыю мясцовага карэннага насельніцтва.

Затым Папа накіруецца ў аэрапорт, адкуль вылеціць у Ікалуіт, адзін з самых халодных гарадоў Канады. Ён стане апошнім пунктам пілігрымкі Святога Айца, а таксама самай паўночнай кропкай свету, якую калі-небудзь наведвалі Рымскія Пантыфікі. Ікалуіт знаходзіцца ўсяго ў 300 кіламетрах ад палярнага круга. Тут Францішак сустрэнецца з інуітамі – прадстаўнікамі адной з трох буйнейшых супольнасцей карэннага насельніцтва Канады, якая пражывае ў паўночнай частцы краіны і адносіцца да групы эскімосаў.

Палёт самалётам Airbus A330 італьянскай авіякампаніі ITA Airways будзе працягвацца каля трох гадзін. За гэты час будзе пераадолена 2033 кіламетры. З аэрапорта Папа адправіцца ў мясцовую пачатковую школу, дзе прыватна сустрэнецца з некаторымі ахвярамі школ-інтэрнатаў, а затым, на плошчы перад навучальнай установай – з моладдзю і пажылымі людзьмі.

Потым Францішак вернецца ў аэрапорт, адкуль, пасля афіцыйнай развітальнай цырымоніі, вылеціць у Рым. Самалёт з Пантыфікам на борце прызямліцца ў рымскім аэрапорце Fiumicino раніцай 30 ліпеня.
 

29 ліпеня 2022, 12:56