Святы Айцец распачаў пілігрымку ў Канаду
Аляксандр Панчанка - Vatican News
“Дарагія канадскія браты і сёстры, я прыбываю да вас, каб сустрэцца з карэннымі народамі. Спадзяюся, што з Божай ласкай мая пакаянная пілігрымка паспрыяе распачатаму шляху прымірэння. Калі ласка, суправаджайце мяне малітвай”, - напісаў Пантыфік у Twitter.
Самалёт Airbus A330 італьянскай авіякампаніі Ita Airways з Папам на борце вылецеў з рымскага аэрапорта Fiumicino у 9.16 па сярэднееўрапейскім часе. Першым этапам падарожжа стане горад Эдмантан, адміністрацыйны цэнтр правінцыі Альберта, якая знаходзіцца на захадзе краіны.
Святы Айцец прыбудзе туды праз больш чым 10 гадзін палёту, пераадолеўшы ў паветры 8430 кіламетраў. Яго маршрут будзе пралягаць праз паветраную прастору Італіі, Швейцарыі, Францыі, Вялікабрытаніі, Ісландыі, Даніі (Грэнландыя) і Канады. Да кіраўнікоў гэтых краін, за выключэннем Канады, Пантыфік па традыцыі скіраваў прывітальныя тэлеграмы.
У міжнародным аэрапорце Эдмантана Святога Айца будуць сустракаць прадстаўнікі дзяржаўных і касцёльных уладаў. Пасля кароткай сустрэчы з Генерал-губернатарам і Прэм’ер-міністрам Канады, Папа адправіцца ў мясцовую каталіцкую семінарыю святога Юзафа, дзе правядзе астатак дня, каб адпачыць пасля пералёту і адаптавацца на іншага часовага поясу.
Публічныя мерапрыемствы з ўдзелам Пантыфіка пачнуцца на наступны дзень. 25 ліпеня ён адправіцца ў горад Масквачыс, прыкладна ў 100 кіламетрах ад Эдмантана, дзе ў касцёле Маці Божай Сямі Балесцяў сустрэнецца з групамі першых народаў, метысаў і інуітаў. Па вяртанні ў Эдмантан і абеду ў семінарыі, ён наведаў мясцовы касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса, – першую ў Канадзе індзейскую парафію, – дзе сустрэнецца з карэннымі народамі і членамі парафіяльнай супольнасці.