Пошук

Анёл Панскі: каб увайсці ў жыццё Бога, трэба прайсці праз Яго

Уступленне ў жыццёвы праект, які прапануе нам Бог, патрабуе ад нас абмежавання прасторы эгаізму, адмовы ад прэзумпцыі самадастатковасці, зніжэння ўзроўню пыхі і фанабэрыі, пераадолення ляноты, - адзначыў Папа.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

21 жніўня 2022 года, у сваім разважанні перад малітвай Анёл Панскі Францішак спаслаўся на ўрывак з Евангелля святога Лукі (13, 22-30), дзе гучыць пытанне да Езуса: “Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?”, на якое Збаўца адказвае: “Імкніцеся прайсці праз вузкую браму”.

Пантыфік заўважыў, што вузкая брама – гэта вобраз, які можа напалохаць хрысціян, “нібы збаўленне прызначана толькі для выбраных ці для дасканалых”. Але нас супакойваюць словы, якія Хрыстус кажа далей: “І прыйдуць з усходу і з захаду, з поўначы і з поўдня, і сядуць за стол у Валадарстве Божым”. Таму, дадаў Святы Айцец, “гэта брама вузкая, але адчыненая для ўсіх”.

Гаворачы пра вузкую браму, Езус “чэрпае вобраз з тагачаснага жыцця і, верагодна, мае на ўвазе той факт, што з надыходзячым вечарам брамы горада зачыняліся, і заставалася адчыненай толькі адна, меншая і вузейшая: вярнуцца дадому можна было толькі праз яе”.

Францішак запрасіў сваіх слухачоў згадаць словы Хрыста: “Я – брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены” (Ян 10, 9). “Каб увайсці ў жыццё Бога, у збаўленне, трэба прайсці праз Яго, прыняць Яго і Яго слова. Як для таго, каб увайсці ў горад, трэба было “вымераць” сябе з адзінай адчыненай вузкай брамай, так і хрысціянскім з’яўляецца жыццё “па меры Хрыста”, заснаванае і прынятае на Яго ўзор”, - патлумачыў Пантыфік.

Такі падыход дае разуменне паняцця “вузкая брама”: яна вузкая не таму, што прызначана для нямногіх, але таму, што “належаць да Езуса азначае ісці за Ім, аддаваць сваё жыццё ў любові, служэнні і дары самога сябе, як Той, хто прайшоў праз вузкую браму крыжа”, - дадаў Францішак.

Ён заклікаў вернікаў падумаць “пра тыя штодзённыя жэсты любові, якія даюцца нам з цяжкасцю: пра бацькоў, якія прысвячаюць сябе сваім дзецям, ідуць на ахвяры і адмаўляюцца ад часу для сябе; пра тых, хто клапоціцца пра іншых, а не толькі пра свае інтарэсы; пра тых, хто аддае сябе служэнню пажылым, самым бедным і ўразлівым; пра тых, хто працягвае працаваць з адданасцю, зносячы цяжкасці і, магчыма, непаразуменні; пра тых, хто пакутуе з прычыны веры, але працягвае маліцца і любіць; пра тых, хто замест таго, каб кіравацца сваімі інстынктамі, адказвае дабром на зло, знаходзіць у сабе сілы прабачыць і мужнасць пачаць спачатку”. Такія людзі “выбіраюць не шырокую браму ўласнага камфорту, але вузкую браму Езуса, жыцця ў любові.

“Браты і сёстры, на чыім баку хочам быць мы? Мы аддаём перавагу лёгкаму спосабу думаць толькі пра сябе ці вузкай браме Евангелля, якое падрывае наш эгаізм, але дазваляе вітаць сапраўднае жыццё, якое паходзіць ад Бога?”, - спатыўся Папа.

“Няхай Маці Божая, якая ішла за Езусам на крыж, дапаможа нам весці жыццё па меры Хрыста, каб увайсці ў поўнае і вечнае жыццё”, - завяршыў сваё разважанне перад малітвай Анёл Панскі Францішак.
 

21 жніўня 2022, 12:12

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >