Пошук

Анёл Панскі: ва Унебаўзяцці мы бачым мэту нашага зямнога шляху

Марыя паказвае нам, што неба блізка, калі мы не паддаёмся граху, пакорна праслаўляем Бога і шчодра служым іншым, - заўважыў Папа 15 жніўня 2022 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ва ўрачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі Францішак працытаваў словы святой Альжбеты, з якімі яна звярнулася да Марыі: “Благаславёная Ты між жанчынамі і благаславёны плод улоння Твайго!”, што стала часткай Вітай, Марыя. “Кожны раз, калі мы прамаўляем гэтую прыгожую і вядомую малітву, мы робім, як Альжбета: мы вітаем Марыю і благаслаўляем Яе, таму што Яна прыносіць нам Езуса”, - запэўніў Францішак.

Ён нагадаў, што Маці Божая адказала Альжбеце словамі Magnificat – гімнам праслаўлення і радасці за вялікія справы, якія Бог здзейсніў у ёй і на працягу ўсёй гісторыі свайго народа.

Кажучы, напрыклад, што Пан “скінуў магутных з трону і ўзвысіў пакорных”, Марыя не прапануе летапіснага запісу рэчаіснасці, яна не журналіст, Багародзіца перадае “нешта значна больш важнае: што праз Яе Бог пачаў гістарычны прарыў, што быў канчаткова ўсталяваны новы парадак рэчаў”. Яна прарочыць, што “на першым месцы не ўлада, поспех і грошы, а служэнне, пакора і любоў”. “Гледзячы на яе ў славе, мы разумеем, што сапраўдная ўлада – гэта служэнне і што валадарыць – значыць любіць. І што гэта шлях да неба”, - звярнуў увагу Папа.

Ён спытаў у прысутных: “Ці ўплывае гэты прароцкі пераварот, абвешчаны Марыяй, на маё жыццё? Ці веру я, што любіць – значыць панаваць, а служыць – гэта ўлада? Што мэта майго жыцця – неба, рай? А можа, я маю на ўвазе толькі зямныя, матэрыяльныя рэчы? Я трапляю ў пастку песімізму, калі назіраю за падзеямі ў свеце, ці наадварот, як Багародзіца, умею заўважыць дзеянне Бога, Які праз лагоднасць і мізэрнасць рэалізуе вялікія справы?”.

Францішак падкрэсліў, што ва Унебаўзяцці Марыі мы бачым мэту нашага зямнога шляху, якой з’яўляецца неба. Маці Божая “паказвае нам, што неба блізка, калі мы не паддаёмся граху, пакорна праслаўляем Бога і шчодра служым іншым”.
 

15 жніўня 2022, 13:03

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >