Папа Францішак Папа Францішак 

Францішак правядзе дыялог з людзьмі творчых прафесій

Папа прыме ўдзел у форуме, накіраваным на абмеркаванне творчых стратэгій і прапаноў па развіцці культурных ініцыятыў на глабальным узроўні на карысць лепшага свету.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Vitae Summit, які будзе праходзіць у Ватыкане з 31 жніўня па 1 верасня 2022 года, збярэ сусветна вядомых творцаў, якія абмяркуюць перспектывы развіцця культуры сустрэчы, надзеі і адзінства праз мастацтва, сродкі масавай інфармацыі і забавы.

Францішак называе людзей творчых прафесій “захавальнікамі прыгажосці ў гэтым свеце, пасламі культуры сустрэчы і сведкамі надзеі для ўсяго чалавецтва”.

“Прыгажосць – гэта надзвычай магутная сіла. Яна можа прынесці аздараўленне душы, прымірэнне ў адносінах і аднаўленне надзеі перад абліччам праблем”, - адзначылі ў адмысловым паведамленні арганізатары.

“Выкарыстоўваць мастацтва, талент і жаданне многіх адораных творцаў у дыялогу аб тым, як мы можам аднавіць нашу культуру на больш высокім узроўні, знаходзіцца ў цэнтры місіі такога роду першай і беспрэцэдэнтнай сустрэчы з папам Францішкам”, - паведаміў заснавальнік Vitae Global Луіс Кінэлі.

Vitae Global – гэта некамерцыйная арганізацыя, якая аб’ядноўвае людзей творчых прафесій і рэалізуе шматлікія культурніцкія ініцыятывы.
 

19 жніўня 2022, 11:31